Збор подпісаў за адмену аплаты паслуг міліцыі на мітынгах



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Вольга Кавалькова ініцыявала збор подпісаў пад калектыўным зваротам у Савет міністраў з патрабаваннем адмяніць пастанову № 49 аб аплаце паслуг міліцыі на мітынгах.

Кавалькова паведаміла БелаПАН, што мае намер падаць зварот, калі збярэцца не менш за 1.000 подпісаў.

У звароце таксама прапаноўваецца ўнесці дапаўненні ў закон аб масавых мерапрыемствах, у прыватнасці даць вызначэнні камерцыйнага і некамерцыйнага масавага мерапрыемства і адмяніць аплату паслуг для некамерцыйных.

Раней з аналагічным патрабаваннем быў пачаты збор подпісаў пад петыцыяй на сайце petitions.by.

Акрамя таго, арганізатары святкавання Дня Волі, якое прайшло 24 сакавіка ў сталічным Кіеўскім скверы, ініцыявалі зварот у Канстытуцыйны суд з просьбай праверыць на адпаведнасць Асноўнаму закону краіны пастанову № 49. Адпаведныя звароты былі накіраваныя ў Палату прадстаўнікоў і Савет міністраў, якія маюць права ўносіць прапановы ў Канстытуцыйны суд.

Пастанова „Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, што аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства” была зацверджана ўрадам 24 студзеня 2019 года. Згодна з дакументам урэгуляванне рознагалоссяў паміж арганізатарам масавага мерапрыемства і органамі ўнутраных спраў „ажыццяўляецца ў адпаведнасці з умовамі заключаных дагавораў шляхам правядзення перамоў або ў судовым парадку”.

belapan.by