Збор сродкаў для параненага на Данбасе беларуса
Пра ўкраінскага актывіста Віталя Целіжэнку ўзгадвалі ў час вечарыны памяці ў Менску. Віталь актыўна падтрымліваў беларускую дэмакратычную супольнасць. Ён загінуў 10 жніўня ў адным з баёў на Данбасе.
На вечарыне таксама далі старт акцыі салідарнасці па зборы сродкаў пакалечанаму на ўсходзе Украіны беларусу з пазыўнымі “Тарас”. Кажа каардынатар “Камітэту салідарнасці з Украінай” Павал Севярынец:
– Беларус зараз знаходзіцца ў вельмі цяжкой сітуацыі. Хлопцу няма яшчэ і 30-ці. Сімпатычны, моцны, актыўны, зараз ён ляжыць фактычна нерухома, усё цела пасечана асколкамі, нават даставаць іх не рашаюцца. Быў ён у медыкаментознай коме, у яго не працуюць ныркі, лёгкія. Абматаны трубкамі ён ляжыць у некалькіх сотнях кіламетраў ад Беларусі. Акрамя Бога, родных, сяброў, што побач, дапамагчы там яму няма каму.
У канцы вечарыны прысутныя заспявалі “Шчэ не вмэрла Украіна” ды “Магутны божа”. Таксама пакінулі на бел-чырвона-белым сцягу свае пажаданні для беларусаў, якія бяруць удзел у баях на Данбасе. Сцяг будзе ім дасланы.
Тым часам, збор сродкаў „Тарасу” працягваецца. Скрыня ўстаноўленая на Чарнышэўскага, 3, у сядзібе Партыі БНФ.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота rusvesna.su