Зборшчыкаў подпісаў за беларускамоўную адукацыю выклікаюць у міліцыю
Грамадскіх і палітычных актывістаў, якія збіралі подпісы ў падтрымку беларускамоўнай адукацыі, выклікаюць у міліцыю для давання тлумачэнняў.
Адпаведны ліст з міліцыі атрымаў аўтар грамадска-палітычнага рэсурсу 1863x.com Эдуард Пальчыс. „Мне ліст з патрабаваннем з’явіцца для давання тлумачэнняў прыйшоў яшчэ 27 лютага. Але я адразу сказаў, што ў мяне вельмі шмат важных спраў і я, на жаль, не магу дазволіць сабе прыйсці [у міліцыю]”, — сказаў блогер у гутарцы з БелаПАН.
Паводле інфармацыі праваабарончага сайта spring96.org, аналагічныя лісты таксама прыйшлі актывістам Аляксандры Патапавай і Ягору Сергіенку.
Адзін з ініцыятараў збору подпісаў апазіцыйны актывіст Зміцер Дашкевіч паведаміў БелаПАН, што некаторыя зборшчыкі подпісаў атрымалі не лісты з патрабаваннем з’явіцца ў міліцыю для давання паказанняў, а кароткія паведамленні на мабільны тэлефон. Такія паведамленні прайшлі як мінімум пяці чалавекам.
„Я не ведаю, ці выклікалі мяне. SMS мне не даслалі, а ліст, магчыма, і ляжыць у паштовай скрыні”, — адзначыў Дашкевіч. Паводле слоў актывіста, ён не збіраецца ісці даваць растлумачэнні ў РУУС, нават калі яму дашлюць запрашэнне, аднак не выключае, што прыйдзе ў суд, калі да гэтага дойдзе.
Збор подпісаў пад зваротам у Міністэрства адукацыі і Савет міністраў Беларусі распачаўся 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы. Падпісанты патрабуюць ад уладаў распрацаваць праграму адраджэння беларускай мовы ў сферы адукацыі, стварыць юрыдычныя ўмовы для рэгістрацыі прыватных дзіцячых садоў, школ і ВНУ, а таксама стварыць першы беларускамоўны нацыянальны ўніверсітэт.
Кампанія праводзілася ў Менску і іншых гарадах краіны. У прыватнасці подпісы збіралі ў падземным пераходзе ля ўваходу на станцыю мінскага метро „Кастрычніцкая”. Акрамя таго, падпісацца ў падтрымку беларускай мовы можна было на інтэрнэт-платформе petitions.by.
За тыдзень у сталіцы было сабрана 2.188 подпісаў, а электронную петыцыю падтрымалі 500 чалавек.
27 лютага Дашкевіч занёс зварот і сабраныя подпісы ў Мінадукацыі.
Фота bnp.by