Зборшчыкі подпісаў: Людзі спадзяюцца на змены
Па нарастаючай працягваецца збор подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты. Ля менскага рынка Камароўка, куды тры дні таму, у нядзелю, прыйшлі падпісвацца тысячы людзей, і зараз збіраюць подпісы за Святлану Ціханоўскую, Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. Зборшчыкі працуюць побач. Яны ўсе ў ахоўных масках ад каронавірусу. Але не маюць ніякіх стэндаў і нават фотаздымкаў тых, за каго збіраюць подпісы.
Па словах аднаго з сябраў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, якога завуць Кірыл, актыўнасць і цікавасць людзей нарастае. Зараз у Менску дзейнічае недзе 3-4 кропкі збору. Але хутка іх колькасць павялічыцца:
– У іншых раёнах кропкі выстаўляюцца, і там шматлікія ідуць пасля працы. Каля заводаў будуць выстаўляцца кропкі, паціху, думаю, што да першага чысла ўжо будуць стаяць. 10 дакладна будзе.
Людзі падпісваюцца ахвотна, таму што спадзяюцца на змены да лепшага ў нашай краіне, – спадзяецца Кірыл, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.
Побач збірае подпісы ініцыятыўная група Валеры Цапкалы. Кацярына з горада Жодзіна, якая збірае подпісы за Цапкалу, кажа, што бачыць, як змяняецца стаўленне людзей да выбараў:
– Народ мяняе сваё меркаванне ў адносінах да любых кандыдатаў, таму што больш раскрываецца кожны чалавек і з’яўляецца больш жадання аддаваць свой голас за кагосьці вызначанага. Таму, я думаю, што ў далейшым, калі ўжо будуць выбары, у кожнага будзе свой асабісты кандыдат, які будзе для яго найбольш важным і цікавым.
Тое, што побач працуюць ініцыятыўныя групы Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі, ніякіх канфліктаў не стварае, – кажа Кацярына. Нават, па яе словах, ставіцца пытанне, каб неяк аб’яднацца, таму што людзі маюць адныя мэты і хочуць дапамагаць адзін аднаму ў зборы подпісаў. Таму ніякіх канфліктаў быць і не можа.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: svaboda.org