ЗБС прызнана экстрэмісцкім фармаваннем



„Шклоў 97%”, „Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў” і „Prague Support Team” унесены ў „Пералік арганізацый, фармванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Адпаведнае рашэнне ў дачыненні да „Шклоў 97%” было прынята МУС 26 верасня.

У жніўні сацсеткі і лагатып праекта „Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў” былі ўнесены ў спіс „экстрэмісцкіх матэрыялаў” Міністэрства інфармацыі.

ЗБС – найстарэйшая моладзевая арганізацыя незалежнай Беларусі. У 1992 годзе яна была афіцыйна зарэгістраваная Мінюстам. У 2001-м ЗБС быў пазбаўлены рэгістрацыі з банам на перарэгістрацыю тэрмінам 15 гадоў, пасля чаго працягнуў сваё існаванне падпольна. У 2016 годзе была прэзентавана перазагрузка ЗБС. Пачынаючы з 2021 года, ЗБС з’яўляецца кааліцыяй незалежных студэнцкіх аб’яднанняў. У лістападзе 2020 года 10 актывістаў студэнцкага руху, у тым ліку 2 сябры Рады ЗБС Алана Гебрэмарыям і Ксенія Сырамалот, былі арыштаваныя КДБ Беларусі, а на офісе ЗБС адбыўся ператрус. Дзясяткам прадстаўнікоў задзіночання давялося  хавацца альбо ўцякаць з краіны з-за крымінальнага пераследу.