Здасіся ў падатковую – атрымаеш зніжку
Дабравольная “здача” падатковай інспекцыі Пружанскага раёна непрацуючага Вячаслава Хаўпта абыйшлася яму зніжкай падатку на дармаедства. Замест 3 мільёнаў 600 тысяч ён павінен да ліпеня наступнага года заплаціць 3 мільёны 240 тысяч рублёў.
Але грамадскі актывіст Вячаслаў Хаўпт не мае грошай, бо яго ўжо 3 гады нідзе не бяруць на працу:
– Мне няма з чаго яго аплаціць. Я лічу, што наадварот дзяржава павінна плаціць чалавеку, калі чалавек у нейкай сітуацыі цяжкай сацыяльнай, як у мяне цяпер. Я жыву з бацькамі, у мяне бацькі атрымліваюць мінімальную пенсію. Яны кажуць: “Пазычце ў бацькоў”. Як я пазычу, калі ў іх на дваіх нават тры мільёны пенсія не выходзіць.
Начальнік аддзела фізічных асоб падатковай Пружанскага раёна Святлана Жук паведаміла суцяшальную для Вячаслава Хаўпта інфармацыю:
– Я яму накіроўваю ліст, што па прычыне таго, што ён стаіць на уліку на біржы працы, ён не з’яўляецца грамадзянінам, які не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржрасходаў. Ён стаяў на ўліку больш чым 183 дні ў годзе.
Пры несвоечасовай аплаце падатку прадугледжаны штраф у памеры ад 2-х да 4-х базавых велічынь або адміністрацыйны арышт з прымусовай адпрацоўкай.
Пры гэтым у Міжнароднай канвенцыі аб прымусовай працы, падпісанай Беларуссю, гаворыцца пра забарону патрабавання падатку ў якасці прымусовай працы.
Беларускае Радыё Рацыя