З’ехаў і не абяцаў вярнуцца



Віталь Істомаў з тых людзей, якіх чыноўнікі звычайна называюць “маладымі мазгамі”, якія ў сілу сваёй перспектыўнасці з’яўляюцца пажаданымі работнікамі не толькі на радзіме, але і за мяжой. А часам не столькі на радзіме, колькі за мяжой.

У 2009 годзе Віталь атрымаў дыплом берасцейскай ВНУ і паспяхова стартануў у дарослае жыццё як здольны праграміст. І вось больш як тры гады ён займаецца любімай справай у Бельгіі. Мы распыталі Віталя, чым спакусіла яго Еўропа, і паспрабавалі зразумець, якія ў нашай краіны шанцы вярнуць свае “мазгі” назад.

Leuven, Belgium

Каб не жыць насуперак

РР: Чым вы займаецеся ў Бельгіі?

‒ Яшчэ ў Менску я пачаў займацца распрацоўкай дадаткаў для Android. Тады гэта ўсё толькі зараджалася, трава была зялёнай, неба – блакітным (смяецца). Гэта цікавая сфера, дзе ўсё дынамічна мяняецца, і я працягнуў займацца каляандроіднымі праектамі ўжо ў Бельгіі. Паўтара года працаваў на фірму, якая распрацоўвала розныя тэставыя праграмы, бібліятэкі і ўсё такое. Пасля прыйшоў час ісці далей, і цяпер я нешта тыпу фрылансера, ці кансультанта. У дадзены момант працую з адной нямецкай кампаніяй, для якой раблю андроідныя дадаткі. І вельмі гэтаму рады, бо хлопцы вельмі цікавыя, адкрытая і свабодная атмасфера для працы.

РР: Калі ў вас з’явіліся першыя думкі пра выезд у Еўропу?

‒ Напэўна, пасля ўніверсітэта, калі я ўжо з’ездзіў на год у Кракаў, папрацаваў і вярнуўся.

РР: А што іх правакавала?

‒ Цяжка назваць нешта канкрэтнае. Гэта складаная такая сукупнасць – і таго, што тут не атрымаецца дасягнуць, і нейкіх адміністратыўных абмежаванняў. Узяць хоць бы праблемы з візамі. Калі тут адкрываць нейкі бізнес, то людзям элементарна цяжка сюды прыехаць, бо цяжка атрымаць візу. Такія абмежаванні – дастаткова неістотныя паасобку, але калі яны прыходзяць у нейкую купу, то становяцца абмежавальным комплексам, які не дае развівацца бізнесу, будаваць нейкія стартапы і бізнес-інкубатары. У нас ёсць некалькі цікавых праектаў у Беларусі, але яны існуюць хутчэй насуперак.

Бельгія – не мэта

РР: Чаму абралі менавіта Бельгію?

‒ Гэтае рашэнне справакавала наша з дзяўчынай паездка да сяброў. Нам спадабалася краіна: усё сімпатычна, можна паездзіць, нешта паглядзець. З Бельгіі ўсё побач: да Амстэрдама, як да Баранавіч; да Парыжа, як да Менска, да Люксембурга яшчэ бліжэй, чым да Баранавіч. Пры гэтым у іх ёсць даўняя шакаладная і піўная культура. Мы зразумелі, што там атрымаем нейкі новы жыццёвы вопыт, які тут асабліва не перажывеш. Неўзабаве мая дзяўчына атрымала туды запрашэнне на PhD – гэта штосьці тыпу аспірантуры. Яна біёлаг, а біялогія ў Беларусі знаходзіцца ў зародкавым стане, таму там для яе проста рай – зусім іншае абсталяванне ў лабараторыях, зусім іншыя праекты. Ну, а мне не было розніцы, дзе працаваць.

Праўда, не факт, што мы застанемся ў Бельгіі.

РР: Чаму?

‒ Таму што Бельгія – гэта дзіўная краіна, як за тры з паловай гады мы паспелі гэта зразумець. Гэта такі карпаратыўны рай, у якім выйграе той, хто задавальняецца малым. Сістэма заточана на тое, каб даць усім сярэдні ровень жыцця, а не дапамагчы тым, хто хоча нешта рабіць. Гэта падцягвае нізы, якія штосьці не могуць, штосьці не ўмеюць, штосьці не хочуць (што не рэдкасць), але калі ты пачынаеш больш працаваць і, як следства, хочаш больш зарабіць, на цябе абрушваюцца падаткі ў амаль 60%. І тады нават такі цікавы з выгляду бонус, як тысяча еўра, абарочваецца толькі 400 еўра на рахунку. І гэта не стымулюе. Бельгійскаму работніку прасцей узяць лішні выходны, а не папрацаваць больш. Як толькі заробак пакрывае базавыя патрэбы, пачынаюцца дзікія падаткі.

РР: А не было думак, што з Беларусі з’ехаць з’ехалі, а розніцы ніякай? У нас таксама невыгодна шмат працаваць.

‒ Розніца ўсё ж такі ёсць. Тое, што я апісаў, тычыцца працы ў беларускім разуменні гэтага слова (працы па найме – Аўт.). Можна адкрыць фірму на аднаго чалавека, як гэта зрабіў я, і тады пачынаюцца зусім іншыя гульні. Гэта вельмі бельгійскі варыянт вырашэння праблемы, паколькі ў іх ёсць такая асаблівасць – яны паталагічна любяць усякую бюракратыю.

Але ў цэлым сістэма ў Бельгіі не натхняе хапаць зоркі ў небе. У гэтым плане малайцы амерыканцы. Іх не цікавяць пасрэднасць, іх не цікавяць слабыя, але калі ты нешта з сябе ўяўляеш, то табе створаць усе ўмовы, каб ты ўзляцеў так высока, як толькі можаш. Гэта дыяметральна супрацьлеглы падыход, і нейкай залатой сярэдзіне не існуе ў свеце. Гэта ці еўрапейска-скандынаўскі “сацыялізм”, ці жорсткі капіталізм, як у ЗША.

РР: Вы чакаеце дзіця і працягваеце думаць над тым, дзе жыць далей. Ёсць нейкія крытэры, па якіх будзеце абіраць наступнае месца жыхарства?

‒ Мы хочам, каб гэта было месца, дзе не трэба выжываць, а можна жыць, як марыш. І каб навакольнае асяроддзе – дзяржаўнае, сацыяльнае – спрыяла гэтаму. Каб можна было падарожнічаць, бачыць мора, горы. Я хачу краіну, дзе можна атрымліваць эстэтычную асалоду ад жыцця. А калі жыццё прымушае хітраваць, каб банальна дзіця ў садок адправіць, то гэта не тое, да чаго трэба імкнуцца.

Italy

Адпачынак у Італіі

Не з канцамі

РР: Наколькі цвёрдым было вашае рашэнне пакінуць Радзіму? Няўжо нішто не тармозіла?

‒ Канешне, былі нейкія рэчы, якія затрымлівалі. У першую чаргу сям’я, сябры. Бо як ні намагайся ездзіць, усё роўна кожную пятніцу з сябрамі не сустрэнешся. Акрамя гэтага… Прафесійна тут ёсць, што рабіць, асабліва айцішніку, але і там ёсць, што рабіць, таксама. То бок стрымліваў толькі сацыякультурныя аспект: што тут дом, вуліцы, да якіх прывык. Але мы вырашылі, лепш хай да нас ездзяць, чым мы будзем пазбаўляць сябе ад нейкага новага вопыту.

Ды і мы ж не з канцамі з’ехалі, мы гатовыя вярнуцца, як толькі нешта пачне цягнуць настолькі, што новы вопыт акажацца тут, а не там. Я часта сутыкаюся ў сацыяльных сетках на выраз “дзе нарадзіўся, там і прынадзіўся”, і, шчыра, не разумею людзей, якія так пішуць. Страхі трэба пераадольваць, кнігі трэба чытаць, на зоры трэба глядзець, новыя эмоцыі трэба перажываць. А гэтае “дзе нарадзіўся, там і прынадзіўся” – гэта такая жыццёвая пазіцыя, калі пайшоў на працу, з працы дадому, добра, калі паўтарашку па дарозе не купіў, паглядзеў тэлевізар і лёг спаць. Заўтра зноў на працу. Гэта сумна! Асабліва, калі ўсё жыццё наперадзе, і трэба паглядзець, можа, што цікавае з яго атрымаецца.

РР: Што павінна тут змяніцца, каб вы ўсё ж такі захацелі вярнуцца?

‒ Хочацца бачыць нейкія перспектывы, якіх няма цяпер. Перспектывы не казачныя і не завоблачныя. Проста, каб людзям дазволілі жыць і рабіць, што ім падабаецца. Калі ім падабаецца  адкрыць кавярню і пячы бліны, каб яны маглі адкрыць кавярню і пячы бліны, а не змагацца з пажарнай, санстанцыяй, падаткавай і іншымі органамі, якія павінны дапамагаць, а не перашкаджаць, бо яны ж існуюць на падаткі, якія людзі ім плацяць. Калі людзей падтрымаць, то яны пачынаюць рабіць дзівосныя рэчы. І тады нараджаецца арганічнае наваколле, якое, як жывы арганізм, развіваецца і прыносіць карысць кожнай сваёй частцы. І нараджаецца бонус у выглядзе задавальнення людзей.

Гэта магло б зрабіць людзей дабрэйшымі. Бо цяпер яны ходзяць злыя па вуліцы – гэта мне таксама не падабаецца. У нас часта сутыкаешся з нейкім хамствам, якое не нясе асаблівай карысці, акрамя хвіліны выйгранага часу, напрыклад. Вось яны нешта зрабілі такое ў Еўропе, што людзі там настроены адзін да аднаго паважліва. Luxemburg
З дзяўчынай Аленай у Люксембургу

РР: Але вы чалавек нашай культуры. Не адчувалі першы час у Еўропе, што самі не такі паважлівы да іншых, як еўрапейцы?

‒ Без пераключэння кантэкста нікуды не дзенешся, канешне, але менавіта ў гэтым сэнсе мне не было складана. Наадварот, я тут сябе адчуваў не ў сваёй талерцы, бо ніколі не разумеў гэтага хамства. Нядаўні прыклад, каб далёка не хадзіць. Мне спатрэбіўся пудэлачак і стужка для падарунка, і я пайшоў у ЦУМ. А там ля патрэбнай секцыі стаіць чарга ў 20 чалавек, і ўсе запакоўваюць падарункі. Я пакруціўся вакол, выбраў, што трэба. Усё добра, але я не хачу ў чарзе стаяць. З другога боку, мне і ўпакоўваць нічога не трэба. Спытаў у мужчыны ў чарзе, ці можна купіць пудэлак са стужкай без чаргі, а ён адправіў мяне запытваць ва ўсіх. І гэта рэчы, якія мне зусім незразумелыя.

РР: А як з Еўропы бачыцца наша славутая беларуская чысціня?

‒ Калі параўноўваць з вялікімі гарадамі, у Еўропе брудней. Парыж, той і ўвогуле смярдзіць, як прыбіральня, у цёплыя часы года. Брусель таксама не асабліва чысты, хоць у Бельгіі ёсць нават традыцыі мыцця тратуараў з шампунем. Так што ў цэлым ёсць праўда ў гэтай чысціні беларускай. Другая справа, што дасягаецца яна не тым, што людзі менш робяць смецця, а тым, што легіён прыбіральшчыкаў гэта ўсё прыбірае. Таму гэта будзе працаваць да таго часу, пакуль людзі працуюць за ежу. Як толькі ўзровень жыцця падрасце і заробкі стануць вышэй, дзяржаве прыдзецца скарачаць на гэта выдаткі. Чысціня стане губляцца, бо прыбіральшчыкаў будзе менш, а людзі так і працягнуць смецціць. Яны прывыклі, што яны выкінць абгортку ад цыгарэт, а назаўтра яе прыбяруць.

РР: І ўсё ж… калі пад’язджаеце да беларускай мяжы з яе прыдзірлівымі мытнікамі, якія пачуцці адольваюць?

‒ Вельмі складаныя. З аднаго боку, адчуванне дома, дзе даўно не быў, дзе цябе чакаюць. Вяртанне да блізкіх людзей – гэта, бадай, самая вялікая эмоцыя. Акрамя гэтага, ёсць невялікі канфуз у гэтай бюракратыі на мяжы, таўкатні, бессэнсоўных праверках. Гэта нешта, што прымушае зморшчыцца і перацярпець. Калі жывеш тут, з’яўляюцца праблемы іншага парадку, а пакуль едзеш, як турыст, эмоцыі ўсё ж пераважна пазітыўныя. Бо па добрай жа справе едзеш!

Алеся Лугавая,  Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва Віталя Істомава