Зэльвенцы будуць парыцца ў новай лазні
У Зэльве, пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй, урачыста адкрылі новую лазню. На адкрыццё яе прыехаў генеральны дырэктар аб’яднання ЖКГ Гарадзенскай вобласці Алег Шафранскі. Старшыня Зэльвенскага райвыканкама Дзяніс Альшэўскі адзначыў, што ў лазні можна не толькі папарыцца, але і заняцца спортам у фітнес-зале, добра адпачыць з сябрамі.
Гэта адзіная лазня ў Зэльве. Акрамя яе існуюць лазні ў аграгарадках Зэльвеншчыны – Елка, Караліно, Князева, Цяглевічы, Галынка, Міжэрычы, Снежная і Дзярэчын. Зэльвенцы любяць парыцца з венічкам. Напрыклад, за 2018 год у старой зэльвенскай лазні папарыліся 1994 чалавекі, за мінулы год – 2700 чалавек. Цяпер зэльвенцы з радасцю будуць наведваць новую лазню.
Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва
Фота Zelwa.by