Зэльвенцы Лукашэнку: усю краіну не звольніш



У пятніцу, 21 жніўня, надвячоркам у цэнтры Зэльвы каля райвыканкама адбыліся два мітынгі.

Адзін невялікі мітынг за Лукашэнку правялі некалькі пенсіянераў. Да іх мясцовыя вертыкальшчыкі далучылі яшчэ веласіпедыстаў, якія трохі пабылі і паехалі па хатах. Выступіў адзін стары пенсіянер, які прыгадаў вайну і партызанаў. І ўсе хуценька разышліся.

Другі мітынг зэльвенцаў адбыўся ў цэнтральным скверыку каля помніка жарабяці. На мітынг сабралася больш за 100 жыхароў Зэльвы малодшага і сярэдняга ўзростаў. Сярод прысутных былі настаўнікі, медыцынскія работнікі, прадпрымальнікі, моладзь.Людзі трымалі шмат плакатаў на якіх было напісана: «Мая дачка не авечка, а мой сын не наркаман», «Мы супраць гвалту», «Усю краіну не звольніш», «Маўчаць нельга», «Уключы сумленне» і іншыя. Зэльвенцы патрабавалі Лукашэнку сысці назаўсёды, бо народ за яго не прагаласаваў…

У бліжэйшыя дні зэльвенцы таксама выйдуць на мітынгі і будуць патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота аўтара