Зелянкоўская распавяла пра таемнае вяселле з Міхалком
Пасля сямі гадоў незарэгістраванага шлюбу лідар гурта Brutto і беларуская актрыса таемна распісаліся ў загсе Адэсы.
Афіцыйная рэгістрацыя шлюбу адбылася год таму: 26 жніўня 2015 года, але пра яе ведалі толькі самыя блізкія сябры і сваякі сям’і.
Пра гэта tut.by распавяла акторка.
– Вяселле была простае. У Адэсе, дзеля жарту, пайшлі і паставілі штамп у тым адзенні, у якім хадзілі на пляж, – распавядае Святлана. – Пасля рэгістрацыі паехалі ў кавярню, дзе Макарка (сын Сяргея Міхалка і Святланы Зелянкоўскай. – Заўв.) мог дурэць. Там добрая дзіцячая пляцоўка, аніматары, вялікая надзіманая горка. А ён у дарозе заснуў. Мы яго на крэселкі састаўленыя паклалі побач з намі, накрылі пледзікам, а самі ціхенька елі і пілі гарбату.
Актрыса мяркуе, што пасля рэгістрацыі стасункі ў сям’і сталі больш адказныя, але па-ранейшаму ім з Сяргеем весела і цікава разам.
– У нас усё класна. Адносіны файныя, мядовы месяц можа нечакана ўзнікнуць у кожную хвіліну – узялі і паехалі куды-небудзь. Таму ўсё жыццё – мядовы месяц, – кажа Святлана.
У 2008 годзе пасля сямі гадоў шлюбу Сяргей Міхалок развёўся са спявачкай Алесяй Бярулавай. Тады ж яго сталі заўважаць у таварыстве акторкі Купалаўскага тэатра Святланы Зелянкоўскай, якая да гэтага рассталася з мужам, мастаком Аляксандрам Чырвонцам. Ад першага шлюбу актрыса мае дачку Аксінню, лідар гурта Brutto – сына Паўла ад першай жонкі Алены.
У лістападзе 2013 года ў пары нарадзіўся сын Макар. У траўні 2015 года Сяргей Міхалок атрымаў дазвол на жыхарства ва Украіне, праз паўгода яго атрымала Святлана і пераехала да мужа ў Кіеў.
17 верасня ва Уроцлаве адбудзецца канцэрт Brutto\Ляпіс.
5 лістапада гурт Сяргея Міхалка разам з „Крамбамбуляй” выступіць на фэсце „Партызан-Рок” у найвялікшым клубе Варшавы Progresja.