Землякі пра Алексіевіч: Мы не маглі ўявіць, што яна стане нобелеўскім лаўрэатам
Візіт Святланы Алексіевіч на Гомельшчыну завяршыўся ў Капаткевічах — мястэчку, дзе яна правяла некалькі год свайго юнацтва.
Пры ўездзе ў населены пункт Капаткевічы падаецца, што трапляеш у пастку часу. Такое адчуванне, што некаторыя дарогі і будынкі не рамантаваліся калі не з часоў Пятра Машэрава, то з перыяду кіравання Станіслава Шушкевіча дакладна. Дэжавю ўзмацнілася, калі на ганку сярэдняй школы, дзе вучылася будучая нобелеўская лаўрэатка, раптоўна з’явіліся школьнікі ў савецкай форме, хлеб-соль і дэсант з настаўнікаў.
Дзяўчынка-школьніца патлумачыла, чаму дзеці апранулі форму савецкага ўзору:
„Святлана Алексіевіч хадзіла ў гэтую ж школу. І мы хацелі паказаць, што дагэтуль у нас у школе засталася такая форма. І што ёсць нейкая памяць. Я чытала „У вайны не жаночае аблічча. У яе ўсе творы вельмі цікавыя і ад некаторых нават плачаш. Яна заўжды піша праўду”.
Не паспела Святлана Алексіевіч падысці да школы, як яе шчыльна абступілі дзядзечкі і цётачкі пенсійнага ўзросту.
„Света, ты мяне не пазнаеш?”, — пытае адна жанчына. „Не”, — шчыра адказвае пісьменніца. „Ну як жа! Мы ж з табой за адной партай сядзелі?”, — працягвае сеанс вяртання памяці кабета, спрабуючы пры гэтым „чмокнуць” лаўрэатку.
На заднім фоне — больш сціплыя аднакласнікі. Яны спрабуюць ва ўнісон давесці, што за 52 гады з моманту заканчэння школы іх знакамітая аднакласніца зусім не змянілася.
„Я з таварышам (ён цяпер у Ленінградзе жыве) спаборнічалі за Святлану. Яна падабалася нам абодвум. Гэта было ў адзінаццатым класе дзесьці. Мы з адной вёскі, не маглі падзяліць яе паміж сабой. Ён выйграў, а я праляцеў. Пара не атрымалася, бо яна пачала вучыцца, вучыцца, вучыцца…”, — дзеліцца ўспамінамі аднакласнік пісьменніцы Уладзімір Бакун.
Версія пра тое, што Святлана была „цікавай” дзяўчынай, якая не мела праблем з увагай хлопцаў, пацвярджаецца выказваннямі прыяцелькі юнацтва — Надзеі Шут. Раней жанчына працавала бібліятэкарам у вясковым клубе. Дарэчы, менавіта з гэтай жанчынай, у адрозненне ад іншых аднакласнікаў, Святлана Алексіевіч не спыняла кантактаў. Перасылала ёй свае кнігі і ў гэты раз таксама прыехала з падарункам — свежым пяцітомнікам сваіх твораў.
„Яна была прыгожай. Яе ўсе праважалі да дому. Я ўжо пачала працаваць у бібліятэцы клуба, а яна давучвалася апошні год, дасылала свае вершы ў раённую газету. Часта хадзілі на танцы. А пасля танцаў яна ніколі не вярталася адна, бо дом яе бацькоў знаходзіўся ля ракі. Трэба было частку шляху прайсці каля могілак. Таму заўжды яе праважалі хлопцы”, — згадвае Надзея Шут.
Колькі мы не спрабавалі выцягнуць ад аднакласнікаў малавядомыя факты з жыцця лаўрэаткі, але ўвесь час натыкаліся на сцяну з аднатыпных адказаў у стылі „мы ніколі не маглі падумаць, што яна стане такой знакамітай, хоць заўжды жадалі ёй дабра”.
Настаўнікі і адміністрацыя роднай школы лаўрэаткі арганізавалі досыць цёплы прыём. Без раённага кіраўніцтва, праўда. Відаць, у гарачы перыяд барацьбы за ўраджай у вертыкалі ёсць куды больш важныя задачы, чымся арганізацыя візіта першай у гісторыі незалежнай Беларусі нобелеўскай лаўрэаткі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, улады не пагадзіліся на фармулёўку „сустрэча Алексіевіч з землякамі”. Маўляў, калі ў такім выглядзе, то пішыце заяўку на масавае мерапрыемства. Таму сышліся на фармаце „сустрэча Алексіевіч з аднакласнікамі”.
Завуч і настаўніца беларускай мовы па сумяшчальніцтве Наталля Каліцька распавяла журналістам пра тое, што экспазіцыя з біяграфічнымі звесткамі і фотаздымкамі знакамітай выпускніцы школы дзейнічае пастаянна.
„Экспазіцыю мы аформілі адразу ў 2015 годзе. Мы хацелі паказаць дзецям, што ў кожнага з іх ёсць шанс, да якога трэба імкнуцца. Рабілі гэта, у першую чаргу, для дзяцей, каб у іх быў арыенцір”, — гаворыць Наталля Каліцька.
Жыхары Капаткевічаў, з якімі нам удалося паразмаўляць, кажуць, што вяскоўцы збольшага ганарацца сваёй зямлячкай. Ёсць, праўда, і такія, хто не разумее яе пазіцыі па некаторых палітычных пытаннях. Але пераважае пазіцыя, што кожны мае права на сваю думку.
Святлана Алексіевіч, адказваючы на пытанні землякоў, у чарговы раз падкрэсліла, што пасля ўкраінскіх падзей у Беларусі дакладна не засталося ніякіх іншых варыянтаў, акрамя пабудовы нацыянальнай дзяржавы з беларускай мовай.
„… Калі і прэзідэнт гаворыць па-руску, то казаць пра адраджэнне беларускай мовы складана. Але цяпер вось усе гэтыя працэсы, да прыкладу, вышыванкі — гэта, вядома, форма пратэсту, але асабліва пасля Крыму ўсё зразумелі, наколькі гэта небяспечна, што падобны сцэнар , як у Крыме, можа быць і ў нас… Я пісала кнігі на рускай мове, бо вывучала некалькі дзесяцігоддзяў савецкую утопію. А мовай гэтай утопіі была руская”, — заўважыла Святлана Алексіевіч.
У 1960-я гады многія вясковыя школы ў Заходняй Беларусі прымусова пераводзілі на рускую мову навучання. А вось на ўсходзе БССР вёска, як правіла, вучылася на роднай мове. Мы паспрабавалі ўдакладніць у мясцовых жыхароў, на якой мове вучыла прадметы ў школе Святлана Алексіевіч.
„Нашыя бацькі размаўлялі па-беларуску. Дакладней, па-свойску: што сяльцо, то слаўцо. Але збольшага на роднай мове. Але калі мы вучыліся, то ўсё было па-руску”, — згадвае Надзея Шут.
[Not a valid template]
Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель — Капаткевічы
Фота: Юлія Сівец