Землякі ўшанавалі Янку Саламевіча



У Сялявіцкай сельскай бібліятэцы Слонімскага раёна адбылася вечарына, прысвечаная 80-годдзю пісьменніка-земляка, энцыклапедыста, фалькларыста, крытыка, бібліёграфа, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Янкі Саламевіча (1938-2012). У вечарыне прынялі ўдзел землякі з вёскі Сялявічы і суседніх вёсак, дзе прайшло маленства і школьныя гады пісьменніка і энцыклапедыста, а таксама літаратар са Слоніма Сяргей Чыгрын, які добра ведаў і сябраваў з Янкам Саламевічам.

Родам юбіляр быў з суседняй вёскі Вялікая Кракотка, але ў гэтай вёсцы ўжо няма ні бібліятэкі, ні клуба. Таму юбілейную вечарыну земляка адзначылі ў Сялявічах.

Слова пра Янку Саламевіча сказала загадчыца Сялявіцкай сельскай бібліятэкі Ірына Каранец. Настаўніца мясцовай школы Аксана Крачко распавяла пра тое, як імя земляка ўшаноўваецца ў Сялявіцкай школе. А пісьменнік са Слоніма Сяргей Чыгрын цікава расказваў пра сваё сяброўства з Янкам Саламевічам, пра розныя незабыўныя эпізоды з яго жыцця. Напрыклад, пісьменнік прыгадаў, як аднойчы за святочным сталом Янка Саламевіч разам з Алегам Лойкам дзве гадзіны запар спявалі беларускія народныя песні. Распавёў Сяргей Чыгрын і пра тое, як Янка Саламевіч марыў пры жыцці выдаць трохтомнік беларускага слоўніка псеўданімаў і крыптанімаў. Але гэта яго мара не ажыццявілася.

Землякі падчас вечарыны пыталіся, калі ўсё ж імя Янкі Саламевіча будзе ўшанавана на Слонімшчыне, з’явіцца ў гонар знакамітага земляка яго вуліца ў Слоніме і помнік.

Да 80-годдзя Янкі Саламевіча ў бібліятэцы аформлена невялікая кніжная выстава.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара