З`езд БАЖ запатрабаваў неадкладнага вызвалення ўсіх арыштаваных журналістаў
Умовы дзейнасці СМІ і агульная сітуацыя з забеспячэннем свабоды слова ў Беларусі за апошнія месяцы значна пагоршыліся, гаворыцца ў пастанове 11-га з`езда ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў”, прынятай 16 красавіка.
„Крымінальны і адміністрацыйны пераслед журналістаў, блогераў, супрацоўнікаў медыясферы груба парушае ўсе стандарты свабоды выказванняў, міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь у гэтай сферы і перакрэслівае канстытуцыйныя палажэнні, якія тычацца права кожнага на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне інфармацыі, — гаворыцца ў пастанове. — Запланаваныя змены ў заканадаўства, якое тычыцца СМІ, скіраваныя на далейшае абмежаванне свабоды слова, а адсутнасць рэальнага абмеркавання гэтых змен з удзелам прадстаўнікоў журналісцкай, грамадзянскай і бізнес-супольнасці толькі падкрэслівае іх рэпрэсіўную сутнасць”.
У дакуменце адзначаецца, што манаполія дзяржавы на большасць электронных і друкаваных СМІ, а таксама сістэму друку і распаўсюджвання фактычна перакрэслівае канстытуцыйныя гарантыі роўнасці правоў прадпрыемстваў розных формаў уласнасці і на свабоду выказванняў.
Падкрэсліваецца, што журналісты-фрылансары па-ранейшаму фактычна застаюцца па-за законам.
„З`езд звяртае ўвагу на катастрафічнае падзенне якасці медыя, якія фінансуюцца з бюджэту краіны і пры гэтым не прытрымліваюцца нават мінімальных стандартаў журналісцкай этыкі, адкрыта выкарыстоўваюць мову варожасці і абразы на адрас „апанентаў” улады, — гаворыцца ў пастанове. — З іншага боку, з`езд звяртае ўвагу на відавочны рост расійскай прапаганды ў дзяржаўных медыя, што ставіць пад пагрозу інфармацыйную бяспеку Рэспублікі Беларусь”.
З`езд БАЖ патрабуе „неадкладна вызваліць усіх журналістаў і медыяспецыялістаў, якія знаходзяцца за кратамі”.
Акрамя таго, у пастанове ўтрымліваецца патрабаванне абмеркаваць змены ў заканадаўства аб СМІ з удзелам прадстаўнікоў беларускага грамадства, журналістаў і бізнесу, міжнародных экспертаў.
„З`езд патрабуе прызнаць на заканадаўчым узроўні права кожнага збіраць і распаўсюджваць інфармацыю ў айчынных і замежных СМІ, — гаворыцца ў пастанове. — Забяспечыць бесперашкодны доступ журналістаў да інфармацыі. Стварыць роўныя эканамічныя ўмовы для СМІ, адмовіцца ад дзяржманаполіі ў сферы стварэння і распаўсюджвання прадукцыі СМІ”.
З`езд БАЖ заклікае ўлады і грамадства „звярнуць асаблівую ўвагу на сітуацыю са свабодай слова, якая не толькі адносіцца да фундаментальных правоў і свабодаў чалавека, але і з`яўляецца крытэрам захавання іншых правоў і свабод”.