Жалобныя дні на Піншчыне
Жалобныя дні на Піншчыне – ушаноўваюцца ахвяры Халакосту. З 28 кастрычніка па 2 лістапада 1942 года нацысты знішчылі звыш 20 тысячаў мірных жыхароў габрэйскага паходжання.
Гэта была аперацыя па ліквідацыі Пінскага гета – аднаго з самых буйных ва Усходняй Еўропе. Традыцыйна ў рэгіёне ладзяцца дні памяці з абавязковым наведваннем месцаў масавых расстрэлаў – такіх пяць, усе абазначаныя помнікамі.
Прадстаўнік пінскай габрэйскай грамады гаворыць, што пра такое нават страшна ўзгадваць:
– Калі надыходзяць такія дні, я лістаю матэрыялы. І першая мая рэакцыя, канешне, я не хачу пра гэта чытаць. Чалавеку са здаровай псіхікай страшна даведацца, што чалавек можа так аскацініцца, я кажу пра нацыстаў. З аднаго боку хочацца адасобіцца ад гэтай тэмы, не паверыць у яе, гэтага не было ніколі, бо такога не можа быць. А другая рэакцыя – плакаць і ўспамінаць, гэта як нейкая мяжа, за якую чалавек не павінен пераступаць. Дзеля гэтага ён павінен ведаць, дзе гэтая мяжа знаходзіцца.
З Пінскага гета цудам ацалелі адзінкі вязняў – ім атрымалася збегчы, і яны знайшлі прытулак у неабыякавых пінчукоў. На сёння ў Пінску мясцовая габрэйская грамада не налічвае і тысячы чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя