Жамчужнага і Бандарэнку заклікаюць прызнаць палітвязнямі



Жамчужнага і Бандарэнку заклікаюць прызнаць палітычнымі вязнямі. Акцыю праводзіць „Камітэт салідарнасці з Жамчужным і Бандарэнкам”, у які ўваходзяць прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, палітычных партый і грамадскіх рухаў.

Па выніках сённяшняга круглага стала салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі будзе прыняты зварот, які камітэт накіруе ў адпаведныя структуры Еўразвяза, паведаміла адна з арганізатарак круглага стала Ганна Шапуцька:

– Міжнародная амністыя і Савет Еўропы, спадзяемся, што накіруем у прадстаўніцтва Савета Еўропы ў Беларусі. Паспрабуем тут усё вызначыць, усю гэту сітуацыю, нейкі такі прававы статус таму, што патрэбна хуткае рашэнне. На вялікі жаль людзі застаюцца за кратамі. Андрэй Бандарэнка згодна з крытэрыем Савета Еўропы палітвязень, а Жамчужнага Міхаіла мы лічым, што наогул трэба прызнаць вязнем сумлення.

Сёння, у Дзень салідарнасці з палітвязнямі і сваякамі зніклых палітыкаў у сядзібе Партыі БНФ ў Менску прайшла акцыя салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі Міхаілам Жамчужным і Андрэем Бандарэнкам.

Праваабаронцы ПЦ „Вясна” і Беларускага Хельсінскага камітэта лічаць, што пакуль недастаткова доказаў для таго, каб прызнаць іх палітычнымі вязнямі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя