Жана Кромар: Арганізуемся, як можам і робім, што можам
Госць Рацыі – Жана Кромар, журналістка, актывістка, валанцёрка з Берліна. Яна распавядае пра сваю дапамогу бежанцам з Украіны.
РР: Раскажы, калі ласка, як выглядае цяпер ваша актыўнасць?
Жана Кромар: Арганізуемся, як можам і робім, што можам. Напрыклад, варым грэчку, нейкі гарачыя стравы і адвозім на тыя месцы, дзе збіраюцца ўцекачы: на вакзалы, ці ў нас у Берліне ёсць такі цэнтр, там вельмі вялікая тэрыторыя, вялікі парк, і там шмат будынкаў, яны ўсе адносяцца да гэтага арганізацыйнага цэнтра. Туды прывозяць уцекачоў рэгістравацца, адтуль іх звозяць у розных аўтобусах у іншыя гарады.
Вельмі не хапае ежы, нешта ёсць ад дзяржавы, але такі вялікі паток, што гэта – нічога, проста кропля ў моры. Таму людзі і зараз вязуць нейкія бутэрброды, грэчку. Вельмі запатрабаваная грэчка, таму што людзі ў дарозе, ім холадна. А гэта такая ежа, якую нашы ведаюць, яна такая хатняя. Людзі вельмі ўдзячныя, калі такое атрымліваюць.
Апрача гэтага мы робім рознае ўсялякае, арганізуемся зараз, збіраем грошы на народныя рэчы. Робім гэта як прыватная ініцыятыва, бо ёсць шмат розных арганізацый, але яны зараз таксама стоадсоткава загружаныя, тэлефоны перагружаныя, людзі перагружаныя, працуюць суткамі, амаль не спяць. Той, хто хоча дапамагчы, часта проста не можа да гэтых вялікіх ці больш-менш значных арганізацыяў неяк далучыцца. Проста няма людзей, якія яшчэ і гэтую дапамогу могуць апрацоўваць. Таму мы прыватна таксама нешта збіраем, збіраем зараз лекі і перадачы. Гэта даволі складана, каб гэта не стаяла на мяжы, проста прывезці, і потым ніхто не забірае, а паспрабаваць гэта ва Украіне раздаць, развесці, бо запыты ў нас ад лякарняў канкрэтных, якія нешта хочуць. Вось давезці іх мы зараз спрабуем.
РР: Атрымліваецца, у вас ёсць спіс канкрэтных лекаў, якія патрэбны лякарням, і вы гэтыя канкрэтныя лекі збіраеце? Не проста нейкія лекі, а вось менавіта тыя, якія патрэбныя.
Жана Кромар: Так, у нас ёсць запыты ад канкрэтных лякарняў. Напрыклад, у нас ёсць запыт ад кафедры псіхіятрыі ў адным горадзе, дзе хворыя засталіся без лекаў, і вельмі патрэбна антыпсіхотыкі. Ёсць людзі, якія шукаюць нешта ў дзіцячай лякарні. Вельмі просяць інсулін. То-бок такія канкрэтныя лекі, і часам даволі цяжкія лекі, якія проста не купіш у аптэцы. Таму, можна сказаць, што мы тут пабудавалі такую сетку лекараў, якія гатовыя браць адказнасць і купляць гэтыя лекі, знайшлі ўладальнікаў аптэкаў, якія могуць гэта купляць пад сваю адказнасць у большай колькасці, чым некалькі пачак і г.д.
Мы збіраем грошы на тое, каб гэта ўсё купіць. І мы знайшлі кантакты ў Міністэрстве аховы здароўя Украіны, якія нам дапамогуць зрабіць зялёны калідор на месцы. Мы пакуль у працэсе ўсёй гэтай арганізацыі. Самі лекі мы пакуль не купілі, бо вельмі шмат падрыхтоўкі. Напрыклад, у спісах, якія нам дасылаюць, прыкладныя назвы лекаў, і там будуць рады любой форме і г.д., але высветлілася, што мы не можам тут замовіць, пакуль мы не ведаем, трэба гэта ў ампулах, ці ў сіропе. Трэба ведаць, што канкрэтна патрэбна.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя