Жана Літвіна: Грамадства праглыне і гэту спробу пагрому незалежных СМІ



Сітуацыю з ператрусамі і допытамі журналістаў як дзяржаўных, так і недзяржаўных выданняў былая старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна назвала „беспределом”.

Па яе словах, самае крыўднае, што беларускае грамадства праглыне гэтыя чарговыя спробы пагрому сродкаў масавай інфармацыі з боку ўлады:

– Грамадства выхаванае на мянтоўскіх кіношках. І мазгі ў людзей, свядомасць у людзей скрыўленая. Яна скажоная. Таму сёння на плошчы няма людзей. І людзям абсалютна ўсё роўна, што адбываецца з журналістамі. Ад гэтага нікуды не дзецца. Пакуль не зменіцца ўлада, такія шокі мы будзем перажываць, я думаю, бяскоца.

Цяжэй за ўсё тым журналістам, якія апынуліся за кратамі. А гэта супрацоўнікі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і парталу TUT. BY. На гэтыя недзяржаўныя СМІ прыйшоўся асноўны ўдар. Па меркаванні Жаны Літвіной, гэта помста ўладаў за нейкую нязручную ці небяспечную ім інфармацыю.

Зараз самае галоўнае – вытрымаць гэтае выпрабаванне, гэтую чарговую хвалю „беспредела” і хамства ўладаў, – сказала Жана Літвіна. Таму неабходна салідарнасць і падтрымка журналістам, якія добра робяць сваю прафесійную справу. 

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя