Жанчына набыла кветкі для дачкі, і яе будуць судзіць “за пікет”
З учорашняга дня ў наваполацкім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў знаходзіцца Алена Вінакурава. Яе віна ў тым, што яна набыла кветкі для сваёй дачкі Кацярыны, якая 27-га сакавіка адзначала дзень народзінаў.
Кветкі былі белыя і чырвоныя, мяркуе Кацярына Вінакурава:
– Мама гадзін каля 15-ці патэлефанавала, сказала :”Прабач, але мяне забралі ў пастарунак”. Усё, што яна паспела паведаміць, гэта што набыла кветкі і ішла да мяне на працу, каб павіншаваць. Яе затрымалі, спачатку сказалі, што завязуць у пастарунак для высвятлення асобы, а потым склалі пратакол быццам бы за пікетаванне.
Замест таго, каб адзначыць 28-я ўгодкі ў сямейным коле, Кацярына шукала маці ў пастарунку, а потым рыхтавала і насіла перадачу ў месца зняволення. Дзяўчына мяркуе, што судзіць маці будуць у наступны аўторак. Раней Алену Вінакураву ніколі не прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Але судзілі дачку – за бел-чырвона-белую стужку на сумцы. Праз гэта Кацярыну Вінакураву прызналі вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і аштрафавалі на 10 базавых велічынь.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск