Жанчына, што пратэставала на кране, трапіла ў бальніцу
Раніцай на адзін з вежавых кранаў будаўнічай пляцоўкі „Алімпік Парка” у Менску залезла жанчына. Як высветлілася пазней, гэта была пенсіянерка Галіна Ігнатовіч. Такім чынам яна выказвала пратэст супраць прызначанага на гэты дзень высялення сваёй сям’і з дома, які павінен пайсці пад знос. Жанчына жыве ў доме плошчай 116 квадратных метраў, агулам у доме прапісаныя 11 чалавек. У якасці кампенсацыі ім прапанавалі тры няновыя кватэры, але жанчына кажа, што была дамова з забудоўшчыкам пра грашовую кампенсацыю. Агулам на вежавым кране Галіна Ігнатовіч правяла каля чатырох гадзін, пасля чаго пенсіянерку спусцілі адтуль ратавальнікі. Цяпер яна знаходзіцца ў бальніцы хуткай дапамогі з пераахалоджваннем.
****
На будоўлі ў раёне былой вёскі Ржавец у Менску жанчына забралася на вежавы кран з дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь.
Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі, асоба жанчыны ўстаноўленая, міліцыя вядзе з ёй перамовы. „На месцы знаходзіцца кіраўніцтва ГУУС, вядуцца перамовы. Дэталі мне не вядомыя”, — сказаў Ластоўскі.
Якія патрабаванні выстаўляе жанчына, ён не патлумачыў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, жанчына патрабуе справядлівай кампенсацыі за знос свайго дома. На вежавы кран яна нібыта забралася яшчэ напярэдадні вечарам.