Жанчынам у Савудаўскай Арабіі дазволілі кіраваць аўтамабілем
24 чэрвеня увайшоў у дзеянне дэкрэт караля Савудаўскай Арабіі, які зняў забарону на кіраванне аўтамабілем жанчынамі. Гэтая краіна заставалася апошняй у свеце, дзе дзяўчатам нельга было быць за рулём пад пагрозай пакарання.
Забарона жанчынам кіраваць машынамі дзіла з 1950-ых гадоў і стварала Савудаўскай Арабіі сумнеўную рэпутацыю ў свеце. Цэлы гэты час жанчын, якія сядалі за руль ці мелі смеласць публічна выказацца супраць такой забароны, штрафавалі, арыштоўвалі, звальнялі з працы.
У 2017 годзе забарону адмянілі, і некаторыя дзяўчыны пайшлі на курсы кіравання, каб сесці за руль адразу, як гэта стане легальным. Некаторыя насельніцы Савудаўскай Арабіі націснулі на педаль газу адразу апоўначы. У сацсетках (жанчынам у Савудаўскай Арабіі можна карыстацца сацыяльнымі сеткамі) з’явілася мноства фотаздымкаў і відэа на гэтую гістарычную тэму.
Патрульныя паліцэйскія ў гонар падзеі раздавалі жанчынам-кіроўцам кветкі і віншаванні ад уладаў.
Беларускае Радыё Рацыя