Жанчыну-інваліда 1-й групы аштрафавалі за цытату з Бібліі
За фотаздымак у Тэлеграме з плакатам “Когда господствует нечестивый, народ стенает” суд Віцебскага раёну прызнаў 56-гадовую Валянціну Крыштопенку ўдзельніцай несанкцыянаванага пікета.
Суддзя Міхаіл Зубеня аштрафаваў жанчыну на 40 базавых велічынь (1160 рублёў). Спадарыня Валянціна мае праблемы са здароўем, яна жыве на пенсію па інваліднасці 1-й групы, і яна лічыць, што не зрабіла нічога кепскага:
– Намалявала плакат з цытатай з Бібліі: “Когда господствует нечестивый, народ стенает”. І сфатаграфавалася насупраць царквы. Потым пайшлі далей, убачылі міліцэйскую машыну, сфатаграфаваліся насупраць яе. І ацанілі гэта як адзіночны пікет.
“Біблія ў Беларусі не забаронена” – так патлумачыла Валянціна Крыштопенка свой учынак у судзе. Тым не менш, яе аштрафавалі паводле 3-й часткі артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Суддзя патлумачыў, што прызначае вялікі штраф з улікам таго, што падсудную і раней каралі за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, але яна “не выправілася”. Валянціна Крыштопенка жыве ў аграгарадку Акцябрская Віцебскага раёну, і некалькі разоў прыязджала ў Віцебск, каб далучыцца да мірных пратэстаў – на інвалідным вазку.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск