Жанчыны, якія сталі візуальным тварам беларускіх мірных пратэстаў
Жанчыны сталі візуальным тварам беларускіх мірных пратэстаў. Але многія з іх – палітыкі, мастачкі, журналісты ды іншыя – былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
Таццяна Нядбай
Сярод іх – намесніца старшыні беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай і культурная дзяячка, фотамастачка Леся Пчолка.
Леся Пчолка Фота: ru.35photo.pro
З імі размаўляла наша карэспандэнтка Яна Запольская.
РР: Вяртаючыся да падзеяў у Беларусі, усё ж такі беларускія пратэсты – гэта жаночы твар?
– У якім сэнсе, у сэнсе, што ў нас прэзідэнтка?
РР: Можа, гэта медыя, журналісты так вынеслі ў загалоўкі, што жаночы твар пратэстаў або жаночая рэвалюцыя ў Беларусі. Ці сапраўды мае сэнс так называць?
– Рэвалюцыя ў Беларусі – рэвалюцыя грамадзянскай супольнасці. Грамадская актыўнасць, супраца, падтрымка – яна на розных узроўнях. У ёй бралі ўдзел і людзі з інваліднасцю, і пенсіянеры, і жанчыны, і мужчыны таксама. Гэта гарызантальная рэвалюцыя, рэвалюцыя ўсіх. Але так як у нас жанчына прэзідэнтка, можа, гэта так прасцей для медыя з якіх-небудзь іншых краін распавесці пра тое, што зараз адбываецца ў Беларусі. Такі самы просты спосаб, але гэта не так. Гэта рэвалюцыя новай супольнасці, якая проста развівалася шмат гадоў, ішла ў тым кірунку і вырашала праблемы сацыяльныя, палітычныя, падтрымкі. Зараз проста не можа ўжывацца ў адной краіне з рэпрэсіўным апаратам дыктатуры добра развітая супольнасць, проста мала месца. Адбылося тое, што адбылося.
– Я думаю, што Беларусь – гэта і жанчына, і мужчына, проста роля жанчыны так склалася, што доўгія гады яна была таксама вельмі важнай, яна не стала важнай асабліва. То бок яна, безумоўна, стала асабліва важнай за апошні год, і дзякуючы таму яна стала бачнай нарэшце ў грамадстве, і гэта добра, што адбываюцца дыскусіі і размовы на гэтую тэму. Але я б сказала, што Беларусь – гэта і жанчына, і мужчына. Мы не павінны выключаць з гэтага вобразу мужчын, якія таксама вельмі шмат зрабілі для Беларусі.
РР: А ці пагаджаецеся з такім меркаваннем, што беларускія пратэсты таксама мелі жаночы твар?
– Канешне, бо жаночыя пратэсты, вось гэтыя жаночыя маршы, і наогул усё пачалося яшчэ з выбарчай кампаніі, калі пасадзілі мужчынаў-кандыдатаў у прэзідэнты і недаацанілі ўлады ролю жанчыны. Калі дазволілі зарэгістравацца той жа Святлане Ціханоўскай, мяркуючы, што ўсё адно нічога з гэтага не атрымаецца. І вось тая фантастычная сітуацыя, калі вы памятаеце, што тры жанчыны выйшлі і сфатаграфаваліся разам і сталі далей весці сумесную выбарчую кампанію, не маючы ўласных палітычных амбіцый, а маючы толькі адну амбіцыю незалежнай Беларусі, дэмакратычнай Беларусі. Можа нават у гэтым і была сіла жанчыны, таму што мужчыны як кандыдаты ў прэзідэнты першапачаткова мелі свае ўласныя палітычныя амбіцыі, прэзідэнцкія. А тут жанчыны прыйшлі як бы з аднаго боку ад імя пасаджаных мужчынаў, а з іншага боку – у імя незалежнай Беларусі, а не ўласнага прэзідэнцтва. Гэта было іх моцным бокам, і гэта дазволіла ім думаць пра Беларусь, а не пра сябе ў Беларусі.
РР: Шмат людзей зараз выехала і працягвае выязджаць, некаторыя ўцякаюць. Мы так усе з аптымізмам глядзім, што вось мы тут цяпер будзем вучыцца, будзем развіваць свой бізнес, будзем зарабляць грошы і пазней усе вернемся ў Беларусь. Як бы ўнясём гэты подых у будаванне нашай Беларусі. Вы верыце ў такое развіццё падзей?
– Калі так нехта кажа, то гэта вельмі добра. Вельмі добра, што людзі адчуваюць сілы, каб вучыцца, працаваць, нешта рабіць для сябе. Бо я ведаю вялікую колькасць у гісторыі траўмаваных людзей, якія псіхалагічна вельмі траўмаваныя, і не ведаю, як яны ў гэтым новым стане эмігрантаў могуць працаваць, неяк сацыялізавацца. Ведаю гісторыі, калі людзі проста выязджаюць і чакаюць, і не жывуць. Яны жывуць проста без часу, не робяць дакументаў, а проста чакаюць, калі сітуацыя вырашыцца, каб вярнуцца дадому. Бо гэтая эміграцыя не прафесійная, не эканамічная, а міграцыя вымушаная, міграцыя вельмі страшная. То бок сапраўды тое, што адбываецца ў Беларусі, гэта 30-я гады ХХ стагоддзя, гэта страшна. Няма нічога добрага. Калі людзі адчуваюць у сабе сілы працаваць і рабіць штосьці, працаваць над сабой, то гэта выдатна, і трэба іх падтрымліваць у гэтым.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя