Жарэс Алфёраў быў галкіперам футбольнай каманды “Альбярцін”
Не стала лаўрэата Нобелеўскай прэміі па фізіцы Жарэса Алфёрава.
Яго жыццё пэўны час было звязана з пасёлкам Альбярцін (цяпер мікрараён Слоніма). Слонім і Альбярцін апошні раз фізік наведаў летам 2010 года. Прыезд яго ў Альбярцін быў невыпадковым. Пра гэта ён сам тады распавёў слонімскім журналістам. Аказалася, што першы раз Алфёраў наведаў Альбярцін ажно ў 1945 годзе. А потым быў у 1966 годзе. Рэч у тым, што бацька Жарэса Алфёрава Іван Алфёраў пасля Другой сусветнай вайны быў начальнікам арганізацыі Саюзбумтрэст. Гэта быў трэст папяровай прамысловасці, куды ўваходзіла і кардонна-папяровая фабрыка “Альбярцін”. Таму Іван Алфёраў вельмі часта прыязджаў у Альбярцін. А летам сям’я Алфёравых любіла ў пасёлку адпачываць.
Падчас наведвання Альбярціна ў 2010 годзе Жарэс Алфёраў прыгадаў 1965 і 1966 гады, калі ён з сябрамі адпачываў у Беларусі. У Альбярціне яны купілі дзве рыбацкія лодкі, злучылі іх разам і плавалі па Ісе і Шчары ў Літву. А ў 1949 годзе Алфёраў гуляў у футбол, ён стаяў на варотах за каманду “Альбярцін”, якая тады перамагла футбольную каманду танкавай дывізіі з лікам 2:1. А гэта каманда лічылася самай лепшай ў Слоніме ў пасляваенны час.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя