Жарсці вакол Дня горада



У Пінску прадстаўнікі грамадскасці маюць намер узяць удзел у паседжанні мясцовага Савета дэпутатаў, на якім будзе разгледжанае пытанне пра сумяшчэнне Дня горада з Днём вызвалення ад нацыстаў. Акрамя гэтага, яны заклікаюць улады ануляваць Інтэрнэт-апытанне па гэтай тэме, бо рэзка, за дзень, колькасць галасоў  на карысць пераносу ўзрасла амаль у 4 разы.

Улады патлумачылі гэта тым, што да апытанкі далучылася студэнцкая моладзь, з якой правялі адмысловыя сустрэчы. Гэта яшчэ больш абурае грамадскасць.

“Толькі адкрытыя дэбаты на дэпутацкай сесіі могуць аспрэчыць думкі пра фальсіфікацыю Інтэрнэт-галасавання”, – кажа грамадскі актывіст, экс-кандыдат у дэпутаты абласнога Савета Вадзім Макееў: 

– Мы не можам сцвярджаць, сфальсіфікаванае галасаванне ці не. З самага пачатку планавалася шырокае абмеркаванне. Раз рашэнне застаецца за дэпутацкім корпусам, лагічна было б запрасіць зацікаўленых асоб і грамадскасць, каб яны агучылі сваю пазіцыю, і дэпутаты змаглі прыйсці да кампраміснага варыянту.

Нагадаем, што ўлетку Савет ветэранаў прапанаваў перанесці Дзень горада, які ў сталіцы Палесся адзначаецца ў першыя выходныя кастрычніка, на 14 ліпеня, калі Пінск вызвалілі ад нацыстаў. Такая ініцыятыва можа быць звязана з тым, што ў 2015 годзе краіна з помпай плануе сустрэць 70-годдзе перамогі над Нямеччынай.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя