Жарсці вакол мапы
Маладыя палякі з Ліды ў сваім блогу раскрытыкавалі мапу, на якой паказана пашырэнне межаў Беларусі за кошт суседніх краін. Яны лічаць гэта варожым у дачыненні да Польшчы і палякаў жэстам з боку беларускай апазіцыі. Аднак дзеяч Саюза палякаў у Беларусі Анджэй Пісальнік лічыць, што не трэба гэтаму надаваць празьмернага значэння:
– Гэтая мапа з’явілася на профілі фэйсбука Радыё Свабода беларускай рэдакцыі. А палякі Гарадзеншчыны – гэта асяроддзе маладых палякаў з Ліды, ў сваім блогу напісалі, што ім здаецца вельмі небяспечным, што беларускі асяродак вось так бачыць мажлівыя межы Беларусі, у якой знаходзілася б частка Падляшскага ваяводства і частка Літвы.
Маладыя палякі з Гарадзеншчыны адзначылі, што ажно 163 фанаў Радыё Свабода “палюбілі” гэтую мапу. План адабрання ў Польшчы Падляшша нібыта палічыў “цікавым” беларускі апазіцыянер Франак Вячорка, які ў Польшчы вучыўся і працаваў, а цяпер вось гэтак адплачвае краіне, якая прыязна паставілася да яго. Аднак сам Франак Вячорка заявіў, што гэта непаразуменне: гэта не пазіцыя ні Радыё Свабода, ні яго асабіста, а проста мапа “усходне-славянска-балтыйскага саюзу без Расеі”:
– Насамрэч, гэта мапа балта-чарнаморскага саюзу Вадзіма Пракопчыка, куды ўключаныя Польшча, Чэхія, Славаччына, Україна, Беларусь, частка Расеі і Літва, Латвія. Гэтая мапа з’явілася пэўны час таму у фэйсбуку Вадзіма Пракопчыка, яе перадрукавала на сацыяльных старонках Радыё Свабода. Проста яна няправільна зразуметая і пракаментаваная.
Франак Вячорка адзначыў, што у яго ёсць пэўныя непаразуменні з групай беларускіх палякаў, у якіх ультра-нацыяналістычныя погляды. Ён лічыць, што перадрукаванне мапы і думак прыватнай асобы спадара Пракопчыка і затым дыскусія вакол гэтага не адлюстроўвае пазіцыі ні беларускай апазіцыі, ні Радыё Свабода, якое фінансуецца Кангрэсам ЗША.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя
Фота facebook.com