Жлобінец спаліў сябе, бо не мог выплочваць крэдыт



Сямейная пара вырашыла дапамагчы дзецям пабудаваць кватэру і ўзяла крэдыт. Сума з працэнтамі пераваліла за 12 тысяч, кожны месяц па рахунках трэба было плаціць значна больш, чым зараблялі. Такі «фінансавы крызіс» скончыўся трагедыяй: будучы нецвярозым, гаспадар дома абліў сябе бензінам і падпаліў. З апёкамі больш чым 80 працэнтаў цела хуткая даставіла яго ў шпіталь. Медыкі цягам некалькіх дзён змагаліся за ягонае жыццё, але выратаваць не змаглі, паведамляе мясцовая газета «Новы дзень».

У гэтым годзе скончылі жыццё самагубствам 18 жлобінцаў: 11 жыхароў раённага цэнтра і 7 – сельскай мясцовасці. Самаму старэйшаму з іх было 75, самаму малодшаму – 24. Амаль усе – людзі працаздольнага ўзросту. І апошні штрых да сацыяльнага партрэту – 3 жанчыны і 15 мужчын, – прыводзіць сумную статыстыку выданне.