Жонка блогера Эдуарда Пальчыса заявіла пра яго знікненне
Жонка грамадскага і палітычнага актывіста, блогера Эдуарда Пальчыса Вікторыя заявіла пра яго знікненне.
„Сябры, многія з вас заўважылі, што вось ужо пару дзён Эдуард Пальчыс не актыўны ў сацсетках, — напісала яна на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. — Апошнія тыдні ён падазраваў за сабой сачэнне і меркаваў, што яго шукаюць спецслужбы”.
„У нядзелю, 27 верасня, ён планаваў перабрацца ў больш бяспечнае месца і папярэдзіў, што нейкі час будзе без сувязі. Аднак, улічваючы, што „рэжым цішыні” з яго боку зацягваецца, я вымушаная падняць трывогу”, — адзначыла жонка блогера.
Вікторыя Пальчыс патрабуе ад праваахоўных органаў, у выпадку калі яе муж затрыманы, тэрмінова апавясціць пра гэта яго адваката.
Варта адзначыць, што Эдуард Пальчыс уваходзіць у склад Нацыянальнага страйкавага камітэта, які быў створаны для падтрымкі рабочых, якія абвясцілі забастоўку пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Фота: tut.by