Жонка Ігара Лосіка: З моманту спынення галадоўкі яго ні разу не наведаў доктар



Урач не наведваў Ігара Лосіка з моманту спынення ім галадоўкі, паведаміла БелаПАН жонка блогера Дар’я Лосік.

Паводле яе слоў, турэмны доктар не прыходзіў да яго ні разу з 25 студзеня, калі Ігар абвясціў аб выхадзе з галадоўкі, якая доўжылася 42 дні.

Найбліжэйшымі днямі Дар’я плануе сустрэцца з гэтай нагоды з доктарам турмы ў Жодзіне, дзе ўтрымліваецца Лосік. „Пракансультуюся зараз са знаёмымі ўрачамі. Магчыма, яму патрэбныя нейкія ферменты для лепшага стрававання, вітаміны”, — адзначыла яна.

Дар’я лічыць, што муж мае патрэбу ў медыцынскім абследаванні.

Паводле яе слоў, Ігар ужо пачаў есці кашы. „Я перадаю іх, у асноўным хуткага прыгатавання, а таксама перапечкі і сухафрукты. У першыя дні, ён казаў, што пабольваў страўнік, цяпер ужо нібыта нармальна. Таксама казаў, што яму дасылаюць шмат лістоў, цяпер у яго іх яшчэ больш за 100 неадказаных”, — сказала яна.

Стваральнік тэлеграм-канала „Беларусь галаўнога мозгу” Ігар Лосік знаходзіцца пад вартай з 25 чэрвеня 2020 года, ён прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітвязнем. Лосіка абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 15 снежня стала вядома, што яму выстаўленае новае абвінавачанне — па арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).

Блогер віну не прызнае і адрэагаваў на новае абвінавачанне бестэрміновай галадоўкай да зняцця ўсіх абвінавачанняў альбо змены яму меры стрымання. Разам з ім у той жа дзень абвясціла аб бестэрміновай галадоўцы яго жонка, аднак 21 снежня паведаміла, што з-за націску на сям’ю вымушана спыніць галадоўку. Галадоўка Лосіка доўжылася 42 дні. Яна выклікала вялікі рэзананс і хвалю салідарнасці. У другой палове студзеня да галадоўкі далучыліся некалькі чалавек, два святары падалі ў Следчы камітэт хадайніцтвы пра асабістую паруку ў дачыненні да Лосіка. Святары матывавалі свой крок спробай дапамагчы блогеру захаваць жыццё.

23 студзеня мінчане і жыхары іншых гарадоў краіны, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары за мяжой правялі акцыі ў падтрымку Лосіка з патрабаваннем вызвалення яго і астатніх палітвязняў.

У апошнія тыдні галадоўкі, паводле інфармацыі адваката, стан здароўя блогера пагоршыўся: з’явіліся праблемы з артэрыяльным ціскам, шум у галаве.

25 студзеня праз абаронцу Лосік перадаў, што вырашыў спыніць галадоўку. „Я не прымаў ежу больш за сорак дзён і адчуваю ў сабе сілы і магчымасці пратрымацца яшчэ. Але мяне проста ўразіла неверагодная хваля салідарнасці. А таксама просьбы сотняў і тысяч беларусаў спыніцца, дачакацца нашай агульнай перамогі здаровым”, — цытаваў блогера тэлеграм-канал „Беларусь галаўнога мозгу”.

belapan.by