Жонкі палітвязняў Лосіка і Статкевіча наведалі мужоў у СІЗА



Дар’я Лосік, жонка Ігара Лосіка, і Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, пабылі на спатканнях з блізкімі ў гомельскім СІЗА-3. Ігар Лосік атрымаў па рашэнні Гомельскага абласнога суду 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Мікалай Статкевіч — 14 у калоніі асаблівага рэжыму.

Дар’я Лосік расказала, што яе муж успрыняў прысуд з вялікім абурэннем. На спатканнях не дазваляецца размаўляць пра крымінальную справу, таму размовы тычыліся Паўліны, дачкі Ігара і Дар’і, планаў сям’і на той час, калі палітвязень выйдзе на свабоду. Марына Адамовіч атрымала спатканне з мужам акурат пасля праваслаўных Калядаў, 8 студзеня. «Мікола, як заўжды, выглядае добра і ўпэўнена. У якім бы стане я ні ехала на спатканне, ён заўжды здольны пасяліць ува мне аптымізм. — зазначыла Марына Адамовіч. Паводле яе, Мікола не верыць у доўгатэрміновыя перспектывы гэтай улады.