Жорсткае абыходжанне з жывёламі будзе пакарана годам турмы



Пакаранне ў форме пазбаўлення волі тэрмінам да аднаго года можна будзе атрымаць у Беларусі за жорсткае абыходжанне з жывёламі. Гэта замацавана артыкулам 339-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, які набывае сілу з 27 студзеня гэтага года.

Берасцейская зоаабаронца Ірына Сіняпкіна перакананая, што такая крымінальная адказнасць за правапарушэнне сістэмна не вырашае сітуацыю. Яна лічыць, што прадстаўнікі ўлады павінны вучыць грамадзян, як адбыходзіцца з хатнімі і бадзяжнымі жывёламі:

–  Дзяржава мэтанакіравана праводзіць палітыку, каб людзі былі больш жорсткімі. Дзяржава павінна праводзіць гуманную палітыку скарачэння колькасці жывёл: праводзіць стэрылізацыю і інфармаваць пра гэта людзей. Гэтая інфармацыя павінна быць пастаяннай. Яна павінна ісці ад камунальных службаў, у школах пра гэта мусяць казаць дзецям.

Згодна паправак у беларускім Крымінальным кодэксе, жорсткае абыходжанне, якое прывяло да гібелі або калецтва жывёлы, здзейсненае з хуліганскіх, карыслівых і іншых матываў альбо ў прысутнасці заведама малалетняга, караецца грамадскімі працамі, штрафам або папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго года ці арыштам. Затое за дзеянні, учыненыя паўторна або групай асоб, можна атрымаць пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання волі або пазбаўлення волі да аднаго года.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота priutvao.ru