Жорсткую сутычку пратэстоўцаў і міліцыянтаў у Пінску справакавалі самі сілавікі
Год таму ў Пінску пачаліся затрыманні ўдзельнікаў стыхійнага мітынгу, які адбыўся ўвечары 9-га жніўня пад будынкам гарадскога выканкама. Так разгортвалася гучная “пінская справа”, якая цягнецца дагэтуль.
Грамадская дзяячка Вераніка Іванова ўпэўненая, што ўсю сітуацыю з жорсткай сутычкай пратэстоўцаў і міліцыянтаў справакавалі самі сілавікі:
– У мяне ёсць выразная мадэль таго, што адбылося, калі людзі сабраліся пад гарвыканкамам. Калі б не была спроба жорсткага разгону, то ніякіх сутыкненняў не было б. Людзі на той мамант былі перакананыя, што іх чакае смерць, і яны ратаваліся так, як маглі. Можа хтосьці і даў адпор, але пускавым момантам стала аддача каманды на адцясненне пратэстоўцаў ад гарвыканкама.
На сённяшні дзень па “пінскай справе” ўжо асуджана 24 жыхары Пінска на тэрміны ад чатырох да шасці з паловай гадоў зняволення, усе яны прызнаныя палітвязнямі. Вядома і пра трэцюю групу фігурантаў – дзесяць чалавек затрымалі напачатку жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя