Журналіст адсудзіў кампенсацыю за месяц у СІЗА КДБ



Журналіст Антон Сурапін адсудзіў у дзяржавы 8 мільёнаў кампенсацыі за месяц у СІЗА КДБ. Аднак пакуль не вырашыў, ці будзе падаваць скаргу ў Вярхоўны суд, каб павялічыць памер кампенсацыі. Бо 8 мільёнаў за месяц арышту і амаль год пад падпіскай пра нявыезд лічыць недастатковымі. Нагадаем, што Сурапін патрабаваў кампенсацыю ў памеры 190 мільёнаў рублёў, але прадстаўнікі дзяржавы хадайнічалі ў судзе пра спыненне працэсу. Нягледзячы на гэта, суд Маскоўскага раёна пастанавіў выплаціць Антону Сурапіну кампенсацыю ў памеры 8 мільёнаў беларускіх рублёў.

– Пакуль не ведаю. У мяне на гэта ёсць тры гады. І пасля лета я, магчыма, вярнуся да гэтага пытання. Але пакуль што не факт. Скажу шчыра, асабіста для мяне было не вельмі складана, бо юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў аказаў вельмі моцную падтрымку, таму мне было шмат прасцей, чым калі б гэтым я займаўся адзін.

Нагадаем, у 2012 годзе малады беларускі фатограф Антон Сурапін больш за месяц правёў у СІЗА КДБ Беларусі па абвінавачанні ў тым, што нібыта дапамагаў арганізатарам “плюшавага дэсанту” нелегальна трапіць у краіну. Пасля гучнай кампаніі салідарнасці журналістаў Сурапіна вызвалілі пад падпіску, а потым і наогул знялі з яго абвінавачанні. Тады хлопец вырашыў дамагацца кампенсацыі за месяц зняволення. Арышт Сурапіна ўзначаліў дзясятку самых абсурдных арыштаў года ў рэйтынгу Аmnesty International.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя