Журналіст Арцём Сізінцаў вызвалены да суда



Журналіст-фрылансер Арцём Сізінцаў, які супрацоўнічае з нашым радыё, вызвалены з жодзінскага ізалятара, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Арцём Сізінцаў быў затрыманы 6 верасня ў Менску падчас Маршу адзінства. За кратамі ён правёў двое сутак. Разгляд адміністрацыйнай справы журналіста прызначаны на 16 верасня:

– 16-га верасня будзе суд у Жодзіне, пабачым якое там будзе рашэнне, што вырашаць.

РР: За што цябе затрымалі і ў чым цябе абвінавачваюць?

– Гэта быў традыцыйны Марш за незалежнасць, марш супраць цяперашняй улады, супраць узурпацыі ўлады. Я на ім працаваў. Вырашыў, што трэба сачыць за ім ад пачатку калоны на Заводскім раёне, мы так вырашылі супольна ў рэдакцыі. Таму я адправіўся туды, паколькі там завод, а ад заводаў зараз шмат што залежыць. Пачаў асвятляць падзею для радыё. Мы рухаліся калонай і на вуліцы Чабатарова, гэта ў Трактаразаводскім пасёлку, гэта не так далёка ад МТЗ, нас там узялі ў кола і затрымалі практычна ўсіх. Прычым супрацоўнікі сілавых ведамстваў абяцалі, але як звычайна на жаль не выканалі сваіх абяцанняў, што адпусцяць жанчын. Жанчын не адпусцілі, большасць была затрыманая. Адна дзяўчына нават страціла прытомнасць. Гэтага я ўжо не паспеў паведаміць для эфіру, паколькі на той момант мяне ўжо заводзілі ў аўтазак. Артыкул для ўсіх супольны. Я паведаміў, што я журналіст, што я знаходжуся пры выкананні абавязкаў, але для ўсіх аднолькавы артыкул. Пратаколы цалкам напісаныя пад капірку, толькі імёны і прозвішчы  для кожнага свае. Матывіроўка ідзе слова ў слова ва ўсіх пратаколах, а іх больш за сотню толькі ў Заводскім РАУС, куды мяне адвезлі разам з усімі, гэта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, менавіта па гэтай справе будзе суд.

Слухайце гутарку ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя