Журналіст БелаПАН Аўсеюшкін: Суд нада мной доўжыўся менш за хвіліну
Журналіст БелаПАН Ян Аўсеюшкін, які сёння, 23 лістапада, выйшаў на волю пасля 15-сутачнага адміністрацыйнага арышту, распавёў пра абставіны свайго затрымання і знаходжання пад вартай.
Журналіст, які па заданні рэдакцыі асвятляў 8 лістапада ў Менску акцыю пратэсту „Марш народаўладдзя”, быў затрыманы каля 13.30 ля гандлёва-забаўляльнага цэнтра Galleria Minsk на праспекце Пераможцаў.
„Акружыў АМАП, я паказаў пасведчанне, але гэта не дапамагло, павялі ў аўтазак. Хтосьці з іх сказаў: „Нешта ты занадта вальяжна ідзеш”. Адзін раз ударылі пад дых. У аўтазаку патрабавалі пароль ад тэлефона, пагражаючы збіццём. Пароль не сказаў, але не білі. Можна сказаць, пашанцавала. Прывезлі ў Партызанскае РУУС, склалі пратакол. Ноччу павезлі ў Жодзіна, прыехалі пад 4-ю ці 6-ю раніцы. Там „прымалі” вельмі жорстка — прыкладна так, як пісалі ў СМІ (вядомы спартовец Андрэй Краўчанка, які таксама быў затрыманы ў Менску 8 лістапада і атрымаў 10 сутак арышту, распавядаў, што ў Жодзіне прымушалі ісці гуськом і рабіць вялікую колькасць прысяданняў. — БелаПАН.).
У сераду, 11 лістапада, адбыўся суд, ён доўжыўся менш за хвіліну. Суддзя была з Валожынскага раёна, прозвішча не запомніў. Спытала, што рабіў на акцыі, адказаў, што працаваў як журналіст. Усё роўна — 15 сутак. 14 лістапада быў этап у Магілёў, везлі каля 200 чалавек. Там умовы былі лепшыя, але вельмі шмат хворых. Чхаюць, кашляюць. Не ведаю, „карона” ці не. Я перахварэў на каронавірус некалькі тыдняў таму”, — сказаў Аўсеюшкін.
Пад арыштам застаюцца супрацоўнікі БелаПАН Юлія Коцкая (19 лістапада атрымала 8 сутак за нібыта ўдзел у акцыі пратэсту 15 лістапада), Андрэй Шаўлюга (17 лістапада атрымаў 15 сутак па аналагічным абвінавачванні, затрыманы 15 лістапада, да суда знаходзіўся ў ІЧУ) і Максім Лаўрэцкі (18 лістапада атрымаў 15 сутак, абвінавачваўся ва ўдзеле ў Маршы пенсіянераў 16 лістапада, затрыманы ў той жа дзень, да суда знаходзіўся ў ІЧУ).
14 лістапада пасля 15-сутачнага арышту выйшаў на волю журналіст БелаПАН Павел Дабравольскі (абвінавачваўся ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 18 кастрычніка, затрыманы 30 кастрычніка).