Алесь Дзянісаў не дамогся справядлівасці ў абласным судзе
Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Алесь Дзянісаў усё ж такі мусіць заплаціць адміністрацыйны штраф у памеры 25-ці базавых велічынь. Гарадзенскі абласны суд, у якім ён абскарджваў рашэнне Кастрычніцкага раённага суда, пакінуў яго ў сіле. Скаргу Алеся Дзянісава разглядаў суддзя Мікалай Рачынскі.
Алесь Дзянісаў спрабаваў праз абласны суд прызнаць адміністрацыйную справу не вывучанай у поўнай меры і прасіў правесці экспертызу двух матэрыялаў, якія ён перапосціў у сацыяльных сетках ды быў аштрафаваны паводле артыкула 17.11 частка 2:
– На гэтым справа рассыпаецца, калі гэты запыт робіцца, адказ зразумелы, што гэтыя канкрэтныя два відэа ніколі і нікім не былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Ніякай экспертызай, ніякім судом, ні менскім, ні гарадзенскім. Гэтыя відэа проста вісяць у паветры, вось і ўсё.
Алесь Дзянісаў яшчэ не прыняў рашэнне пра далейшае абскарджанне. Праваабаронцы ацэньваюць вынясенне штрафу за перапост відэаматэрыяла, які не прайшоў экспертызу на прадмет экстрэмізму, пераследам па палітычнай прыкмеце.
9-га верасня на Алеся Дзянісава быў складзены пратакол за тое, што ён 6-га сакавіка 2017 года перапосціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы відэаматэрыялы, якія не былі заблакаванымі, як экстрэмісцкія.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня