Журналіст-фрылансер Яўген Меркіс стаў лаўрэатам узнагароды «За адданасць прафесіі»



Журналіст-фрылансер і вядоўца стрымаў з акцый недармаедаў Яўген Меркіс стаў лаўрэатам узнагароды «За адданасць прафесіі». У Гомелі рэгіянальнае аддзяленне «Беларускай асацыяцыі журналістаў» падтрымала калегу, які неаднаразова пераследаваўся за сваю дзейнасць.

Яўген Меркіс перакананы, што незалежная журналістыка вельмі запатрабаваная беларускім грамадствам. 

— Мяне судзілі ў гэтым годзе чатыры разы: адзін раз за лаянку і тры разы за збор і распаўсюд інфармацыі. У тым ліку я трапляў за краты. Мяне ізалявалі перад першамайскай акцыяй, бо баяліся, што я буду весці стрым. Агульная сума штрафаў складае прыкладна 1300 даляраў. Гэта значыць, што я і надалей планую застацца ў гэтай прафесіі і лічу, што яна сапраўды прыносіць карысць і выклікае вялікі грамадскі рэзананс. А гэта важна, бо гэта прыступка да зменаў у нашым грамадстве, у нашай краіне.

Конкурс «За адданасць прафесіі» быў заснаваны ў 2009 годзе ў памяць гомельскага выдаўца і рэдактара Уладзіміра Вербавікова.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель