Журналіст-фрылансер Яўген Скрабец атрымаў чарговую позву з міліцыі



Журналіста запрашаюць у пастарунак, і там, відавочна, складуць чарговы пратакол па адміністрацыйным артыкуле 22.9 – «праца на замежнае СМІ без акрэдытацыі». Журналіст-фрылансер з Берасця Яўген Скрабец атрымаў позву, згодна якой павінен з’явіцца 24 студзеня а 10-й гадзіне ва ўпраўленне унутраных спраў адміністрацыі Маскоўскага раёна Берасця.

Яго запрашае ўчастковы інспектар Кулічык для складання пратакола. А гэта ўжо будзе 4-ы пратакол, – сказаў журналіст Яўген Скрабец у нашым эфіры. Папярэднія тры ён беспаспяхова стараецца абскардзіць ў розных інстанцыях.

– Іх было ўжо тры, пасля чаго ў мяне адбылося тры суды і тры спробы абскардзіць прысуды ў абласным судзе. Зараз спрабую далей абскарджваць. Гэтыя спробы былі беспаспяховымі. Што датычна цяперашняй сітуацыі, то міліцыянт, які прадставіўся участковым, завуць яго Ленід Кулічык, паведаміў, што збіраецца складаць пратакол, і каб я прысутнічаў, па факту з’яўлення матэрыяла на сайце Радыё Рацыя.

Журналіста Яўгена Скрабца здзіўляе той факт, што міліцыянты яго шукалі цягам некалькі апошніх дзён. Нават прыходзілі да бацькоў і званілі па месцы асноўнай працы, хаця журналіст ні ад каго не хаваецца.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя