Журналіст-фрылансер Яўген Скрабец падаў скаргу ў суд



Касацыйная скарга пададзена. Журналіст-фрылансер з Берасця Яўген Скрабец бароніць сваё права займацца журналістыкай. У жніўні Лунінецкі суд аштрафаваў яго на 20 базавых велічыняў за матэрыял, які з’явіўся на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Журналіста судзілі па артыкуле 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі.

Зараз Яўген Скрабец падаў скаргу ў Берасцейскі абласны суд:

– Я палічыў тое, што мая віна не была даказана, бо я працаваў як журналіст-фрылансер, а не як штатны карэспандэнт замежнага СМІ. Плюс там было наблытана з датамі ў пратаколе. Казалі, што нібыта гэта было яшчэ 18-га чэрвеня, а насамрэч гэта інтэрв’ю, калі інтэрв’ю лічыць правапарушэннем, я браў 14-га чэрвеня, а суд быў 15-га жніўня. Гэта ўжо трэці месяц пайшоў, а звычайна па адміністрацыйных справах напрацягу двух месяцаў, калі не прыцягнулі да адказнасці за нешта, то ўвогуле за тэрмінам даўніны яе мусяць закрыць.

Больш за тое, у сваёй скарзе журналіст звяртае ўвагу на тое, што ў мясцовай лунінецкай газеце па выніках суда выйшаў тэндэнцыйны артыкул з каментаром суддзі, які вёў працэс, а паводле юрыстаў – суддзя не мае права каментаваць для СМІ.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя