Журналіст-фрылансер Яўген Скрабец спрабуе абскардзіць прысуд



Берасцейскі журналіст-фрылансер Яўген Скрабец чарговы раз спрабуе абскрадзіць адну з пастановаў суда Ленінскага раёна Берасця.

Гэтым разам справа датычыцца судовага рашэння, якое абвесцілі 2 лістапада 2018 году. Тады Яўгена Скрабца пакаралі 612 рублямі 50 капейкамі штрафу, бо ў ягонай прафесійнай дзейнасці ўгледзелі парушэнне аднаго з артыкулаў адміністрацыйнага кодэксу – так званай „працы без акрэдытацыі”:

– З Берасцейскага абласнога суда мне прыйшла папера з апавяшчэннем пра тое, што справа будзе разглядацца ў Берасцейскім абласным судзе 13 снежня ў 14.30. Падпісала паперу суддзя Берасцейскага абласнога суда Руслана Сінько, якая ўжо разглядала маю папярэднюю скаргу і пакінула яе без зменаў.

Штраф Яўгену прысудзілі за з’яўленне матэрыяла на сайце Беларускага Радыё Рацыя пра суд над удзельнікамі акцыяў пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. „Гэта ўжо трэцяя спроба абскардзіць прысуды за „працу без акрэдытацыі” адносна мяне, і я не чакаю, што разгляд скаргі ў судзе вышэйшай інстанцыі будзе станоўчы для мяне. Раблю ўсё гэта дзеля таго, каб у будучыні ў мяне была магчымасць накіраваць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека, бо лічу ўсе гэтыя прысуды палітычнымі”, – падсумаваў Яўген Скрабец. За гэты год агулам Яўген быў аштрафаваны ўжо на 1592,5 рублі па выніках трох судоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце