Журналіст Ігар Ільяш арыштаваны на 15 сутак
Палітычны аглядальнік польскага тэлеканала „Белсат”, што вяшчае на Беларусь, Ігар Ільяш арыштаваны на 15 сутак. Такое рашэнне на пасяджэнні суда Цэнтральнага раёна Мінска 25 лістапада прыняла суддзя Вікторыя Шабуня.
Калегі-журналісты, якія прысутнічалі на працэсе, паведамілі БелаПАН, што Ільяша судзілі на падставе арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Яму паставілі ў віну тое, што 26 кастрычніка з 13.50 да 14.00 ён быццам бы ўзяў удзел у несанкцыянаваным пікетаванні на плошчы Незалежнасці каля сталічнага касцёла Святых Сымона і Алены. У той дзень у цэнтры Мінска прайшла акцыя студэнтаў і пенсіянераў.
Ільяш, які падчас суда знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання ў 1-м завулку Акрэсціна, даваў паказанні па відэасувязі. Віну ён не прызнаў і назваў абвінавачанне ў свой адрас хлуснёй. Ён заявіў, што ў паказаны ў пратаколе час па заданні рэдакцыі ездзіў на Мінскі аўтамабільны завод і Мінскі маторны завод (26 кастрычніка было днём агульнанацыянальнай забастоўкі, абвешчанай экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай). На плошчы Незалежнасці, паводле слоў журналіста, ён не быў, ніякіх лозунгаў не крычаў і ні ў якіх акцыях не ўдзельнічаў.
Сведка, які назваўся Аляксандрам Александровічам, як адзначылі журналісты, што назіралі за працэсам, блытаўся ў паказаннях, а таксама не памятаў дэталяў, напрыклад, у чым быў апрануты Ільяш падчас затрымання.
Ільяш ахарактарызаваў яго паказанні як ілжэсведчанне і заявіў, што складзены ў дачыненні да яго пратакол і суд — помста за прафесійную дзейнасць.
Ён таксама распавёў падрабязнасці свайго затрымання. Паводле яго слоў, напярэдадні вечарам у яго кватэру ўвайшлі трое невядомых у цывільным, якія адкрылі ўваходныя дзверы ключом. Верагодна, ключы былі канфіскаваныя ў яго жонкі журналісткі Кацярыны Андрэевай, якая знаходзіцца пад вартай як абвінавачаная па крымінальнай справе.
Невядомыя паказалі Ільяшу пастанову аб канфіскацыі тэхнікі яго жонкі, аднак разам з ёй пачалі забіраць і тэхніку самога Ігара. Журналіст звярнуў іх увагу на гэты факт, і ў выніку яго забралі быццам бы для дачы паказанняў па справе Андрэевай. Аднак замест гэтага ў Цэнтральным РУУС Менска Ільяшу выставілі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Як паведамлялася, увечары 24 лістапада Ігар Ільяш перастаў выходзіць на сувязць і не з’явіўся на запланаваную сустрэчу. У кватэры, дзе ён жыве, яго брат знайшоў копію пратакола канфіскацыі камп’ютара і тэлефона, аднак на дакуменце было відаць ні імёнаў, ні прычын, з якіх рабілася канфіскацыя тэхнікі. Пазней высветлілася, што Ільяш знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў 1-м завулку Акрэсціна ў Мінску.
Жонка Ільяша Кацярына Андрэева (Бахвалава) стала фігуранткай крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), пасля жывога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на „плошчы Перамен” у Менску 15 лістапада. Яна, як і затрыманая па гэтай жа справе аператарка Дар’я Чульцова, 24 лістапада была прызнаная беларускімі праваабаронцамі палітзняволенай.
Раней Ільяш паведаміў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што сілавікі на мінулым тыдні спрабавалі правесці вобшук на адрасе яго рэгістрацыі.
Ільяш і Андрэева — аўтары кнігі „Беларускі Данбас”, якая выйшла ў Кіеве. У яе аснову ляглі журналісцкія расследаванні аўтараў, прысвечаныя ўдзелу беларускіх грамадзян ва ўзброеным канфлікце на паўднёвым усходзе Украіны.
У апошнія месяцы Ільяш актыўна каментаваў падзеі ў Беларусі ў сваім тэлеграм-канале, сацыяльных сетках, а таксама ў якасці пастаяннага эксперта на расійскім тэлеканале „Дождь”.