Журналіст Ігар Ільяш змешчаны ў ізалятар на Акрэсціна (абноўлена)
Увечары 24 лістапада ў Менску быў затрыманы палітычны аглядальнік тэлеканала „Белсат” Ігар Ільяш.
Паводле інфармацыі сяброў журналіста, у кватэры, дзе пражывае Ільяш, яго брат знайшоў копію пратакола канфіскацыі камп’ютара і тэлефона, што можа сведчыць аб правядзенні вобшуку. Жонка Ільяша Кацярына Андрэева стала фігуранткай крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак Яна, як і затрыманая па той самай справе аператар Дар’я Чульцова, 24 лістапада прызнаная беларускімі праваабаронцамі палітычнай зняволенай.
Раней Ільяш паведаміў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што сілавікі на мінулым тыдні спрабавалі правесці вобшук па адрасе яго прапіскі.
У апошнія месяцы Ільяш актыўна каментаваў падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, у сваім тэлеграм-канале, у сацсетках, а таксама ў якасці пастаяннага эксперта на расейскім тэлеканале „Дождь”. Як паведамілі позна ўвечары 24 лістапада сваякі Ільяша, Ігар змешчаны ў ізалятар на Акрэсціна.
Беларускае Радыё Рацыя
***
У Менску знік журналіст Ігар Ільяш, муж затрыманай па крымінальнай справе журналісткі Кацярыны Андрэевай. Пра гэта паведамляе БАЖ.
Сёння ён мусіў прыйсці на сустрэчу, але не з’явіўся. Тэлефоны журналіста адключаныя. Калегі прыехалі да кватэры журналіста. Там нікога няма, святло не гарыць.
Нагадаем, Кацярыну Андрэеву затрымалі ў адным з дамоў на плошчы Пераменаў 15 лістапада, пасля таго, як журналістка правяла стрым з акцыі. Ёй прад’яўлена абвінавачванне па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
У вечар 15 лістапада следчыя СК прыходзілі па месцы прапіскі мужа Кацярыны Андрэевай, журналіста Ігара Ільяша.