Берасцейскім журналістам прысудзілі па 15 сутак арышту
Паводле пастановаў суда Ленінскага раёна Берасця журналістаў Максіма Хлябца і фотакарэспандэнта Рамана Чмяля прызналі вінаватымі ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП РБ. Што праўда разгляд адміністрацыйных справаў адбываўся ў адсутнасць абодвух, а іх інтарэсы ў судзе прадстаўлялі адвакаты.
Кажа адвакат Ірына Шаргаева, кліентам якой з’яўляецца Раман Чмель:
– Я планую сустрэцца са сваім кліентам і вырашыць пытанне пра далейшую нашу справу. Думаю, што мы будзем абскарджваць гэтую пастанову.
Адвакат Максіма Хлябца судовае рашэнне не пракаментавала. Хлопцы пакуль знаходзяцца на волі. Адміністрацыйную справу ў адносінах да Максіма Хлябца разглядаў суддзя Аляксандр Семянчук, а ў адносінах да Рамана Чмяля Андрэй Грушко.
Сведкам таго, што Максім Хлябец 18 кастрычніка падчас акцыі пратэсту ў Берасці нібыта парушыў артыкул 23.34 быў намеснік начальніка УУС Берасцейскага аблвыканкама Аляксандр Кісель.
*** Максіма Хлябца і Рамана Чмяля затрымалі 18 кастрычніка ўвечары ў Берасці, падчас пратэстнага шэсця супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў і пратрымалі ў ізалятары 72 гадзіны. Пазней пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях у адносінах да іх былі адпраўлены на дапрацоўку, а хлопцаў вызвалілі з-пад варты. Абодва, паводле інфармацыі рэдакцыі «Брэсцкай газеты», выконвалі там працу ў якасці прадстаўнікоў СМІ. У Рамана Чмяля і Максіма Хлябца былі адпаведныя журналісцкія пасведчанні і сінія камізэлькі з надпісам «Прэса».
Беларускае Радыё Рацыя