Журналіст Раман Пратасевіч папрасіў палітпрытулку



Беларускі журналіст Раман Пратасевіч паведаміў у „Твітэры„, што 22 студзеня папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы.

„Даўно нічога не пісаў, а падзей за гэты час адбылося велізарнае мноства. Сёння я падаў прашэнне на даванне палітычнага прытулку (міжнароднай аховы) у Польшчы. Такія справы. Больш падрабязна распавяду крыху пазней”, — напісаў Пратасевіч.

У каментары „Радыё Свабода” журналіст патлумачыў сваё рашэнне падзеямі, якія сталі з ім адбывацца пасля затрымання Уладзіміра Чудзянцова.

Уладальнік і галоўны рэдактар сайта навін by24.org Уладзімір Чудзянцоў быў затрыманы ўвечары 21 лістапада мінулага года ў пункце пропуску „Брэст” на беларуска-польскай мяжы ў час мытнага кантролю. У яго асабістых рэчах знайшлі 0,87 грама марыхуаны. У той жа дзень падчас вобшуку дома ў журналіста нібыта таксама быў знойдзены пакет з марыхуанай. 30 лістапада Чудзянцову выставілі абвінавачванне на падставе ч. 1 арт. 328 (захоўванне наркатычных сродкаў без мэты збыту) і ч. 1 арт. 328-1 (спроба незаконнага перамяшчэння праз мытную мяжу наркатычных сродкаў) Крымінальнага кодэкса. Следства вядзецца ў Берасці, увесь гэты час Чудзянцоў знаходзіцца пад арыштам. Сваёй віны журналіст не прызнае, сцвярджаючы, што наркотыкі яму падкінулі.

Пасля затрымання Чудзянцова Пратасевіч арганізаваў інфармацыйную кампанію ў яго падтрымку і збор сродкаў для аплаты паслуг адваката.

„Я пачаў інфармацыйную хвалю ў абарону Уладзіміра. Збор грошай таксама каардынаваў, усё ішло праз мяне, — распавёў Пратасевіч „Радыё Свабода„. — І ў некаторы момант пачаў заўважаць нешта дзіўнае. Пачаліся праблемы з сувяззю, каля пад’езду былі незразумелыя аўтамабілі ўвесь час. Усё было досыць падазрона. Аднойчы мне пазваніла маці і сказала, што ў пад’ездзе стаяць невядомыя людзі. І што яны, найхутчэй, чакаюць мяне. Я зразумеў, што гэта не проста так, і вырашыў з’язджаць”.

Паводле слоў журналіста, ён ад’язджаў праз Маскву — „дабіраўся туды на двух аўтамабілях, выключыўшы загадзя тэлефон”.

Раман Пратасевіч неаднаразова пераследаваўся ў Беларусі. Упершыню ён трапіў у поле зроку праваахоўных органаў у 2011 годзе за ўдзел у так званых маўклівых акцыях пратэсту. Неўзабаве пасля гэтага юнака адлічылі з Ліцэя БНТУ і пазбавілі прэзідэнцкай прэміі, якой узнагароджваюцца адораныя навучэнцы. Пасля Пратасевіч неаднаразова затрымліваўся за ўдзел у розных акцыях апазіцыі.

Апошнім часам Раман Пратасевіч працаваў на радыёстанцыі „Еўрапейскае радыё для Беларусі”, адкуль звольніўся 1 снежня мінулага года.

belapan.by