Журналіст Сяргей Сацук змешчаны ў СІЗА



Галоўны рэдактар анлайн-выдання „Ежедневник” Сяргей Сацук знаходзіцца ў менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Пра гэта БелаПАН паведаміў яго брат Аляксандр Сацук.

„Да яго ўжылі арышт і на „Валадарку” яго завезлі ўчора ўвечары, — сказаў ён. — Да гэтага часу не змаглі перадаць яму перадачу. Паўдня ўчора яго дачка прастаяла ў чарзе ў ІЧУ на Акрэсціна. Пакуль чарга да яе дайшла, то ўжо не прынялі, паколькі яго павезлі ў дэпартамент фінансавых расследаванняў, а потым прыём перадач скончыўся. Трэці дзень ужо чалавек без элементарных нават рэчаў нейкіх гігіенічных знаходзіцца”.

Паводле слоў брата, сёння сваякі ўжо паехалі ў СІЗА на Валадарскага, каб паспрабаваць перадаць перадачу.

Аляксандр Сацук не ведае, ці будуць сёння праводзіцца нейкія следчыя дзеянні ў дачыненні да брата. „Нам нічога не паведамляюць, — адзначыў ён. — Учора адвакат пры мне тэлефанавала чалавеку, які кіруе следчай групай, ён сказаў, што ніякіх учора следчых дзеянняў з ім не плануецца ажыццяўляць. Тым не менш яны яго забралі з ІЧУ і павезлі ў ДФР, то бок ажыццяўляліся нейкія дзеянні”.

Сяргея Сацука затрымалі прадстаўнікі ДФР КДК 25 сакавіка пад Менскам каля 16.00, калі ён з жонкай прыехаў у будаўнічую краму. Пазней стала вядома, што ў дачыненні да Сацука распачатая справа на падставе ч. 2 арт. 430 КК (атрыманне хабару паўторна, альбо шляхам вымагання, альбо групай асобаў паводле папярэдняй змовы, альбо ў буйным памеры). Пасля допыту ў ДФР журналіста змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на завулку Акрэсціна.

26 сакавіка фінансавая міліцыя правяла ў офісе „Ежедневника” вобшук, забраныя дакументы.

Родныя і калегі Сацука звязваюць затрыманне з яго прафесійнай дзейнасцю. Напярэдадні „Еўрарадыё” апублікавала ліст, які Сяргей Сацук прасіў абнародаваць у выпадку свайго затрымання.

Фота bbc.com