Журналіст Яўген Скрабец атрымаў пастанову суда



Берасцейскі журналіст Яўген Скрабец, якога спрабавалі прыцягнуць да адказнасці за супрацу з Беларускім Радыё Рацыя, атрымаў пастанову суда Маскоўскага раёну Берасця.

У ёй журналісту паведамілі, што адміністрацыйная справа па артыкуле 22.9 у адносінах да яго спынена ў сувязі з тым, што мінулі тэрміны накладання адміністрацыйнага спагнання:

– Для мяне гэта дзіўна не было, бо калі міліцыянт складаў пратакол і спрабаваў мяне знайсці, каб уручыць позву на паўторны разгляд, гэтага зрабіць так і не здолеў, то я здагадваўся пра тое, што суд спыніць справу з-за таго, што скончыліся ўсе тэрміны. Часам у практыцы судоў над журналістамі бывае такое, што справы могуць разглядацца і ў іх адсутнасці. Але гэтая папера падмацавала мае здагадкі. Хаця б такім шляхам не прысудзілі штраф.    

Яўгена Скрабца пераследвалі за матэрыял які выйшаў на сайце Беларускага Радыё Рацыя пад назвай: „Выстава „Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”. 4 лютага суддзя суда Маскоўскага раёну Берасця Раіса Лабачэўская адправіла пратакол на дапрацоўку.

У выніку ўчастковы інспектар міліцыі Леанід Кулічык, які першапачаткова складаў пратакол, не здолеў у тэрмін яго перарабіць. Прэтэнзіі міліцыянта былі не да зместу матэрыяла, а да факту з’яўлення яго на сайце Беларускае Радыё Рацыя.

Журналісты нашага радыё не могуць атрымыць акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў, што часам прыводзіць да іх пераследу з боку ўладаў за „працу без дазвола”.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце