Журналіст Юрый Дзяшук вызвалены, але ён у статусе падазраванага
Журналіст-фрылансар Юрый Дзяшук, затрыманы 20 студзеня ў Лідзе, пасля 72 гадзін трымання пад вартай адпушчаны на волю, але застаецца падазраваным па крымінальнай справе аб злосным хуліганстве (частка 2 артыкулу 339 Крымінальнага кодэкса).
Юрый Дзяшук, які супрацуе і з нашым радыё, паведаміў, што ён знаходзіцца дома, падпіску аб нявыездзе з яго не бралі.
Затрыманне Дзешука звязанае з крымінальнай справай, якую ініцыявалі ў сувязі з падзеямі 18 студзеня ў Лідзе падчас пасяджэння суда, на якім грамадскаму актывісту з Бярозаўкі Вітольду Ашурку прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі.
20 студзеня ў Лідзе міліцыя затрымлівала многіх, хто прысутнічаў на абвяшчэнні прысуду Ашурку. Журналістка Вольга Быкоўская на сваёй старонцы ў Facebook размясціла відэа інцыдэнту пасля суда над Ашуркам. На ім бачна, як людзі ў зале абураюцца прысудам і крычаць „Ганьба!” і „Верым! Можам! Пераможам!”. Але на відэа дакладна відаць, што Юрый Дзяшук заняты выключна журналісцкай працай — ён увесь час здымае падзеі на тэлефон.
Паводле інфармацыі БАЖ, за кратамі па крымінальных справах знаходзяцца дзевяць журналістаў: карэспандэнткі тэлеканала „Белсат” Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, партала tut.by Кацярына Барысевіч, заснавальніца „Прэс-клуба Беларусь” Юлія Слуцкая, супрацоўнікі гэтай арганізацыі Ала Шарко, Пётр Слуцкі, Сяргей Альшэўскі і былая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі, якая мела дачыненне да „Прэс-клуба”, Ксенія Луцкіна, а таксама медыяменеджар Андрэй Аляксандраў.
Беларускае Радыё Рацыя