Журналіст з Гародні абраны старшынём Федэрацыі польскіх медыя на Усходзе



Анджэй Пісальнік, прэс-сакратар Саюза палякаў у Беларусі, рэдактар партала Znadniemna.pl стаў старшынёй Федэрацыі Польскіх медыя на Усходзе. Федэрацыя ахоплівае польскія СМІ ў Беларусі, Літве, Латвіі і ва Украіне.

Чым для яго з’яўляецца гэта пасада кажа Анджэй Пісальнік:

— Гэта перш за ўсё адзначэнне для польскіх медыя ў Беларусі, якія сярод усіх сябраў Федэрацыі польскіх медыя на Усходзе працуюць у найбольш складных варунках. Таму нашы калегі з Украіны, Літвы і Латвіі такім чынам хацелі нас падтрымаць і вылучылі на пасаду старшыні прадстаўніка польскіх медыя з Беларусі. Гэтым прадстаўніком аказаўся я.

Польскія медыя ў Беларусі працуюць ў звязку з незалежным Саюзам палякаў у Беларусі і з’яўляюцца нелегальнымі для беларускіх уладаў. Наклады польскіх медыя, а гэта «Głos znad Niemna na uchodźstwie» і «Magazyn Polski na uchodźstwie» складаюць некалькі тысяч асобнікаў і яны распаўсюджваюцца сярод сябраў незалежнага Саюза палякаў.

Беларускае Радыё Рацыя