Журналіста Алеся Асіпцова арыштавалі на 10 сутак, ён трымае галадоўку



Алеся Асіпцова, пазаштатнага карэспандэнта БелаПАН з Магілёва, пакаралі 10-сутачным адміністрацыйным арыштам нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Такое рашэнне 12 мая на пасяджэнні суда Кастрычніцкага раёна Магілёва прыняла суддзя Наталля Ясенка, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

Акрамя Асіпцова і яго адваката ў залу судовых пасяджэнняў быў дапушчаны толькі адзін журналіст. Астатніх прадстаўнікоў СМІ, праваабаронцаў і нават дачку Асіпцова суддзя не дапусціла, аргументаваўшы гэта небяспекай распаўсюджвання каронавірусу і тым, што памяшканне маленькае. Сама суддзя была без маскі.

Перад працэсам Асіпцоў расказаў калегам, што яго затрымалі 9 мая ў Бабруйску (Магілёўская вобласць), калі ён фатаграфаваў людзей, якія збіраліся правесці акцыю «Антыпарад». Паводле слоў журналіста, да яго падышоў міліцыянер і паведаміў, што ён павінен прайсці з ім, бо ў дачыненні да яго распачаты адміністрацыйны працэс.

Пазней Асіпцоў даведаўся, што ў дачыненні да яго адкрытая справа за ўдзел у сустрэчы з аўтарам youtube-канала «Краіна для жыцця» блогерам Сяргеем Ціханоўскім.

Асіпцоў сваёй віны не прызнаў і заявіў, што працаваў на мерапрыемстве, удзел у якім яму інкрымінавалі, выключна як журналіст. Ён паведаміў, што яго везлі ў аддзяленне міліцыі з парушэннем правілаў санітарыі, з-за чаго 9 мая ён абвясціў галадоўку.

Пасля вынясення рашэння суда журналіст заявіў пра намер працягнуць галадоўку ў знак пратэсту.

БелаПАН