Журналіста Андрэя Аляксандрава пакінулі за кратамі
Журналіст і медыя-менеджар Андрэй Аляксандраў застанецца за кратамі да 12-га мая. Тэрмін яго ўтрымання пад вартай працягнуты на два месяцы.
Па словах адваката Антона Гашынскага, Аляксандраў трымаецца добра, следчыя дзеянні з яго ўдзелам цяпер не праводзяцца. Ён шмат чытае, займаецца спортам, ходзіць на прагулкі.
Андрэя Аляксандрава і яго дзяўчыну Ірыну Злобіну затрымалі ў студзені. Сілавікі іх падазраюць „у фінансаванні пратэставай дзейнасці” (аплачванні штрафаў пратэстоўцаў). Журналіста абвінавачваюць у „арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і фінансаванні такой дзейнасці”.
Праваабаронцы прызналі яго і Злобіну палітвязнямі. Ірыне Злобінай найхутчэй таксама працягнулі тэрмін утрымання пад вартай, паколькі 12 сакавіка яна не выйшла на волю.
Беларускае Радыё Рацыя