Журналіста Андрэя Мялешку аштрафавалі на 40 базавых (абноўлена)
Гэта ўжо трэцяя запар адміністрацыйная справа супраць Андрэя Мялешкі, журналіста-фрылансера з Гародні. Ён аштрафаны па артыкуле 22.9, частка другая Адміністрацыйнага кодэксу за незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі.
Суддзя Юры Казакевіч пастановіў выплаціць штраф у памеры 40 базавых велічынь, нягледзячы на адустнасць доказаў віны і блытаныя паказанні аднаго са сведак.
– Сам працэс, які ў адносінах да мяне сёння вёўся, быў для мяне троху дзіўны. Дзіўны, таму што сведкі давалі супрацьлеглыя паказанні. А адносна суддзі, які выносіў прысуд было такое адчуванне, што ён хоча перанесці працэс. Але імкліва, на працягу 10 хвілінаў, ён прыняў рашэнне. Нават не адыходзячы ні ў які пакой. Гэты прысуд у 40 мінімальных заробкаў – 6 мільёнаў рублёў – упадзе вялікім цяжарам на маю сям’ю.
Нагадаем, што сёлета Андрэй Мялешка быў ужо двойчы аштрафаваны паводле гэтага ж артыкулу у чэрвені і кастрычніку на 30 і 35 базавых велічынь адпаведна.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
* * *
Гарадзенскі суд пакараў незалежнага журналіста Андрэя Мялешку штрафам у памеры 40 базавых велічынь – 6 мільёнаў рублёў – за працу без акрэдытацыі. Гэта ўжо трэцяе за гэты год прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за супрацу з нашым радыё.
Кажа Андрэй Мялешка:
– Маім сведкам у судзе быў прафесар Гарадзенскага ўніверсітэта Валеры Чарапіца, які распавядаў у судзе пра тое, што ён мне расказваў пра сваю кнігу “400 імёнаў Гарадзеншчыны”. Ці можна лічыць гэты суд справядлівым? Я лічу, што не. Ён быў палітычна матываваным. На маю думку, суддзя меў загадзя падрыхтаваны адказ. Бо цягам апошніх 10 хвілін суда, калі ўсе спадзяваліся, што суд будзе перанесены, суддзя абвесціў прысуд. І гэты прысуд быў вельмі нечаканым.
Андрэй Мялешка пакараны за журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі, якую практычна немагчыма атрымаць незалежнаму журналісту ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Як адзначыў Андрэй Мялешка, нядаўна ён адправіў у міністэрства поўны спіс неабходных для яе атрымання дакументаў.
Журналіст лічыць чарговую справу супраць яго палітычна матываванай і называе гэта забаронай на прафесію. Апроч Андрэя Мялешкі позву на суд па тым жа артыкуле чакае незалежная журналістка з Бярозы Тамара Шчапёткіна.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя